Зоркі ў кронах паэта Пра цябе ж, Беларусь, не пытаю. Буду сам, покуль вочы гараць, Полю, небу і вольнаму гаю Тваё вечнае імя шаптаць.
Гэтыя радкі напісаў таленавіты беларускі паэт Уладзімір Марук (1954-2010), якому 6 студзеня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння.
Уладзімір Марук нарадзіўся ў вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, потым – у Моўчадскай сярэдняй санаторнай школе-інтэрнаце, што ў суседнім Баранавіцкім раёне. У 1970 годзе, калі закончыў школу, паступіў на вучобу ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Гады вучобы ў тэхнікуме спрыялі творчаму станаўленню будучага паэта. Менавіта ў гэты перыяд у газеце «Магілёўская праўда» былі апублікаваны першыя вершы Уладзіміра Марука «Беларусі», «Пазаслалі хмары ўсе шляхі» і іншыя.
Пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме, Уладзімір Марук прыехаў на сваю Ганцавіччыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і раённай дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Работа бібліятэкарам, штодзённыя сустрэчы з кнігай заахвочвалі Уладзіміра да ўласнай творчасці. Менавіта ў той час у часопісе «Маладосць», у 1974 годзе, зʼявіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент.
У 1975 годзе Уладзімір Марук паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы ў альма-матар спрыялі яго творчай дзейнасці. Вершы паэта ахвотна друкавалі газеты «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Мінская праўда», часопіс «Маладосць». Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Марук некаторы час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 у Менску. Потым ён працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва «Юнацтва», галоўным рэдактарам выдавецтва «Белфакс», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».
За час сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Марук выдаў кнігі паэзіі «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам», «Ехаў чыж у Парыж» і іншыя, займаўся перакладам з расейскай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, аўтар шматлікіх публіцыстычных публікацый.
Зямны шлях таленавітага паэта раптоўна абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Шмат задуманага ім так і не рэалізавана, многія вершы засталіся ў рукапісах. Але тое, што напісана цудоўным паэтам, радуе нас і сёння.
Беларускае Радыё Рацыя