BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

75 гадоў з дня нараджэння Генадзя Праневіча

Генадзь Праневіч

Беларускі навуковец-філолаг, літаратуразнавец, дзеяч грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Генадзь Праневіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1950 года ў вёсцы Жарабковічы (Ляхавіцкі раён).

Працоўную дзейнасць пачынаў токарам на Берасцейскім заводзе «Газаапарат», рабочым у «Аблміжкалгаспраекце» у Берасці. Праневіч скончыў у 1974 годзе беларуска-расейскае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Два гады служыў у савецкім войску. У 1976-78 гадах працаваў выкладчыкам беларускай і расейскай літаратуры, намеснікам дырэктара Берасцейскага вучылішча нумар 65 будаўнікоў.

У 1983 годзе Генадзь Праневіч скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1983-2017 гадах выкладаў у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна, быў дацэнтам, загадчыкам кафедры беларускага літаратуразнаўства. У 1990 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Літаратура сярэдневяковай Беларусі і станаўленне класічнай мастацкай традыцыі ў паэзіі Янкі Купалы». У 2000 годзе скончыў дактарантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Ён аддаваў свае сілы і сэрца найперш студэнтам, выкладчыкам, сябрам, сабраў на кафедры ўніверсітэта сапраўдных прафесіяналаў, яго лекцыі былі вельмі папулярнымі.

Як навуковец стажыраваўся ў 1999 і 2002 гадах у Інстытуце польскай філалогіі Ягелонскага ўніерсітэта ў Кракаве. У 1994-2004 гадах быў старшынём Берасцейскага аддзялення Грамадскай арганізацыі «Фонд імя Льва Сапегі», якая шмат займалася развіццём мясцовага самакіравання і культурна-асветнай дзейнасцю. Стаў таксама адным з заснавальнікаў Міжнароднага фонда Янкі Купалы ў 1995 годзе.

Генадзь Праневіч і Ян Збажына

Генадзь Праневіч і Ян Збажына, 2006 г.

Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў Генадзя Праневіча: літаратура сярэднявечнай Беларусі, працэсы гісторыка-культурнага ўзаемадзеяння і развіцця рамантызму ў славянскіх літаратурах, біяграфія і погляды Льва Сапегі. Літаратуразнавец выдаў наступныя працы: Старажытная беларуская літаратура: вучэбна-метадычны комплекс. Брэст, 2005; Леў Сапега: Жыццё дзеля Айчыны. Віцебск, 2003; Славянскі рамантызм эпохі нацыянальна-вызваленчых рухаў і вобраз беларускага нацыянальнага адраджэння ў паэзіі Янкі Купалы. Брэст, 1993.

Удзел навукоўца ў калектыўных працах: Вялікі канцлер Вялікага княства: (да 450-годдзя з дня нараджэння Льва Сапегі). Мінск, 2007; 2008.; Леў Сапега (1557-1633 гг.) і яго час: зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2007.; Белавежская пушча ў духоўнай і культурнай спадчыне беларусаў. Брэст, 2003.; Беларуская літаратура: падручнік для 10-га класа. Мінск, 1997.

Алексіевіч, Праневіч і Разанаў

Святлана Алексіевіч, Генадзь Праневіч і Алесь Разанаў

З яго ўдзелам і арганізацыяй прайшлі Першыя, Другія і Трэція Берасцейскія і Віцебскія Сапегаўскія чытанні ў 1999, 2003 і 2007 гадах. Апублiкаваў больш за 200 артыкулаў па рознай праблематыцы ў часопiсах “Веснiк БДУ”, “Роднае слова”, “Крынiца”, “Беларуская мова і літаратура, “Веснік Брэсцкага універсітэта”, “Тэрмапілы”, навуковых зборнiках “Беларуская лiтаратура”, “З глыбiнь народных”, “Беларусiка-Albarutenika”, “Скарыніч” і іншых.

Генадзь Праневіч сам пісаў беларускія вершы і розныя прысвячэнні, друкаваўся як паэт у брэсцкіх выданнях. Вылучыў версію і прыводзіў шэраг аргументаў на карысць таго, што аўтарам знакамітага “Слова аб палку Ігаравым” мог быць Кірыла Тураўскі.

Апошнія гады навуковец шмат хварэў. Памёр 26 красавіка 2017 года. Пакінуў жонку і трох дарослых дзяцей. Пахаваны на могілках вёскі Косічы (Берасцейскі раён).

Беларускае Радыё Рацыя