
Беларускі мастак-графік, педагог Уладзімір Басалыга нарадзіўся 1 красавіка 1940 года ў Слуцку. Бацька Самусь Сцяпанавіч Басалыга загінуў у 1945 годзе на фронце, маці Марыя Якубаўна была прыбіральшчыцай, выхоўвала трох дзяцей: Уладзіміра, Міхаіла і дачку Ніну. Уладзімір займаўся ў гарадской студыі выяўленчага мастацтва. У 1960 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, у 1967 годзе – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Аляксандра Мазалёва, Гаўрылы Вашчанкі, Уладзіміра Стальмашонка. Удзельнік мастацкіх выставаў з 1963 года.
З 1966-га па 1971 год Басалыга працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР, з 1971 па 1980 – галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. Быў звольнены з пасады з фармулёўкай за «няправільнае разуменне шляхоў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва». Па прызнанні мастака, гэта адбылося пасля даносу ў КДБ, у якім яго звінавацілі ў тым, што ён крытыкаваў Аляксандра Суворава, які здушыў паўстанне Тадэвуша Касьцюшкі. Дзевяць гадоў Басалыга быў без працы, што з іншага боку дазволіла яму скончыць сваю серыю «Помнікі дойлідства Беларусі», аформіць свае найлепшыя творы.
З 1989 па 1992 гады Уладзімір Басалыга працаваў старшым выкладчыкам, з 1992 па 1999 – дэканам, дацэнтам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў. З 1971 года быў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 1999 годзе абраны намеснікам старшыні, з 2001-га па 2007 – старшыня гэтай арганізацыі.
Як мастак Басалыга працаваў ў станковай і кніжнай графіцы, а таксама дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Быў майстрам экслібрыса. Творы выконваў пераважна у тэхніцы афорта і літаграфіі.Для творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора. Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляюцца тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»). Асноўныя творы: серыі аўталітаграфій «Помнікі дойлідства Беларусі», «Мова наша родная», «Радзіма мая дарагая», цыкл афортаў «Пакутніцы духоўнага Чарнобыля», ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў (звыш 40 выданняў), у тым ліку Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча. Вядомыя ілюстрацыі да кніг: «Перазовы» Н. Гілевіча, «Ключ жураўліны» і «Хай будзе святло» М. Танка (супольна з братам Міхаілам Басалыгам), альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (супольна з братам).

За сваю працу атрымаў больш за 40 дыпломаў рэспубліканскіх, міжрэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў мастацкага афармлення кнігі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1990 год), бронзавым медалём ВДНГ СССР (1968 год), граматамі і дыпломамі агульнабеларускіх і ўсесаюзных конкурсаў мастацтва кнігі. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучасанага выяўленчага мастацтва ў Менску, фондах БСМ, літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, Беларускім музеі гісторыі і культуры, Слуцкім краязнаўчым музеі, Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі гісторыі рэлігіі і атэізму ў Пецярбургу.
Меў сына Андрэя, таксама мастака-графіка. Памёр Уладзімір Басалыга 7 чэрвеня 2020 года ў Менску. Пахаваны на могілках вёскі Кухты (Слуцкі раён), побач з магілай маці.






