
Беларускі літаратуразнавец, паэт, перакладнік Уладзімір Мархель нарадзіўся 28 сакавіка 1940 года ў вёсцы Жыгалкі (Стаўбцоўскі раён). Паходзіў з сям’і службоўцаў. У 1957 годзе скончыў сярэднюю школу імя Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына. Працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою (меў кваліфікацыю шостага разраду) на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці (Расія). У 1964 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1964-69 гадах выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах — у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Мінску, працаваў у газеце “Мінская праўда”, старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі Навук БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 года — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1988 года быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.
Уладзімір Мархель дэбютаваў вершамі ў 1954 годзе ў стаўбцоўскай раённай газеце “Голас селяніка”. З 1957 года выступаў у агульнабеларускім друку як паэт і літаратуразнавец.Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ ст., беларуска- польскія літаратурныя ўзаемасувязі. Сваімі даследаваннямі спрыяў вяртанню польскамоўнай спадчыны ў беларускую культуру. Білінгвальную творчасць беларуска-польскіх пісьменнікаў разглядаў як з’яву двухадзінага літаратурнага працэсу, а станаўленне новай беларускай літаратуры асвятляў ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце моўна-этнабеларускага і моўна-пісьмовапольскага ўзаемадзеяння.
Уладзімір Мархель аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Вяшчун славы і волі» (1989, 2005), «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.» (1991), «Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры” (1998, дапрацаванае выданне пад назвай «Шлях да Беларусі: Адам Міцкевіч — прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры», 2003). Укладальнік «Твораў» Вінцэся Каратынскага (1981, 1994, 2009), «Твораў» Янкі Лучыны (1988, 2001), «Санетаў» Адама Міцкевіча (1998), кнігі Станіслава Манюшкі «Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы Уладзіслава Сыракомлі» (з Віктарам Скорабагатавым, 1998), а таксама анталагічнага зборніка «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія XIX ст.», дзе сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску.

З польскай на беларускую мову Уладзімір Мархель пераклаў вершы Янкі Купалы, асобныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Янкі Лучыны, Яна Каханоўскага, Леапольда Стафа, Юліяна Тувіма, Р. Дабравольскага, Б. Драздоўскага і іншых. Пераклаў на беларускую мову лібрэта Мацея Радзівіла оперы «Агатка, або Прыезд пана» Ёгана-Давіда Голанда.
Мархель выдаў кнігу выбраных перакладаў з польскай мовы «Водгулле» (2000), зборнік санетаў «Згадкі Нясвіжа» Уладзіслава Сыракомлі і «Зніч любові» Янкі Купалы (абедзве ў 2002 годзе).
Памёр Уладзімір Мархель 26 жніўня 2013 года.






