12 студзеня 1941 года нарадзіўся Уладзімір Георгіевіч Мулявін — Заслужаны артыст БССР, Народны артыст СССР, таленавіты кампазітар, віртуозны музыкант і заснавальнік легендарнага ансамбля «Песняры».

Як адзначае былы палітзняволены і арганізатар культурных мерапрыемстваў у Вільні Ілля Міронаў, культурная спадчына Мулявіна мае значэнне не толькі для аднаго пакалення беларусаў:
– Я памятаю дзяцінства, толькі не магу згадаць, колькі мне тады было гадоў, шэсць, ці можа сем, у нас дома па радыё ўвесь час гучалі песні «Песняроў». Гэта быў пачатак 90-х гадоў. Творчасць Уладзіміра Мулявіна на мяне істотна паўплывала, а атксама на стварэнне павагі да роднай мовы.
Па словах Міронава, хоць Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску, ён стаў адным з найяскравейшых прадстаўнікоў сучаснай беларускай культуры і атрымаў прызнанне далёка за межамі краіны. Імя Мулявіна ззяе на Алеі Зорак у Віцебску. У сузор’і Касіяпеі, ёсць Галактычная Туманнасць W-5, названая ў яго гонар. А сёлета да 85-годдзя легенды беларускай сцэны менскі гадзіннікавы завод «Луч» прадставіў лімітаваную калекцыю «Асоба. Уладзімір Мулявін».

Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц.






