Паэт, краязнавец і археолаг Васіль Супрун (1926-2007) прайшоў жыццёвыя выпрабаванні – сталінскія лагеры. 10 сакавіка яму спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Васіль Супрун у вёсцы Глоўсевічы Слонімскага раёна ў сялянскай сям’і. Закончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай семінарыі ў 1944 годзе, Ганцавіцкае педвучылішча ў 1946 годзе і гістарычны факультэт Менскага педінстытута ў 1969 годзе.
У 1944-1947 гадах працаваў дырэктарам і настаўнікам ў школах Слонімшчыны. 6 чэрвеня 1947 года па дарозе ў школу роднай вёскі Глоўсевічы, дзе працаваў, быў схоплены пераапранутымі кэдэбістамі з Баранавіцкага абласнога аддзела. Пасля 6 месяцаў зведаў камеры-адзіночкі і катаванні ў баранавіцкай следчай турме “Крывое кола” і менскай “Амерыканцы”, засуджаны Ваенным трыбуналам войск МУС Беларускай акругі на 25 гадоў канцлагераў і 5 год высылкі з пазбаўленнем правоў. Ён быў абвінавачаны ў арганізацыі і кіраўніцтве беларускім патрыятычным падполлем “Чайка” былых Баранавіцкай, Берасцейскай, Маладзечанскай і Менскай абласцей.

Пакаранне Васіль Супрун адбываў у турмах Баранавіч, Менска, Гародні, Оршы і канцлагерах Інты і Варкуты ў Расеі. У Інце праз падпольную міжлагерную перапіску завочна пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш (1910-1983), а ў Варкуце – з паэтам Лявонам Шпакоўскім-Случаніным (1914-1995), з журналістам, публіцыстам, выдаўцом і паэтам Янкам Багдановічам (1906-1990) і з іншымі беларусамі-вязнямі ГУЛАГу.
У 1956 годзе, пасля агульнага перагляду спраў, Васіль Супрун быў вызвалены са зняццем судзімасці і дазволам вярнуцца на Бацькаўшчыну. У снежні 1956 года, пасля 9 гадоў ГУЛАГу, ён вярнуўся ў родны Слонім, але з-за праследаванняў па спецыяльнасці працаваць у школе не дазволілі. Таму давялося каля 25 гадоў адпрацаваць на будаўніцтве, і ў пашуках сродкаў для існавання, шмат разоў прыходзілася выязджаць за межы Беларусі на працу.
Вершы Васіль Супрун пачаў пісаць і друкаваць у 1943 годзе. Паэтычныя падборкі змяшчаліся ў шэрагу рэспубліканскіх газет і часопісаў. У 1993 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў першы зборнік вершаў Васіля Супруна “Крык”. Прадмову да зборніка напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка.

За калючым дротам Васіль Супрун таксама пісаў вершы, ні на хвілю не забываючы роднай Беларусі, якой прысвяціў большасць сваіх твораў. У лагерах ён перапісваўся з Ларысай Геніюш, перапісваўся вершамі. Гэта вершаваная перапіска выйшла з друку асобнымі кнігамі ў 1998 годзе пад назвай “Жыць для Беларусі” і “Незабыўныя “ксівы”.
Акрамя паэзіі Васіль Супрун займаўся ў вольны час краязнаўствам і археалогіяй. Нават каля двух гадоў працаваў навуковым супрацоўнікам Берасцейкага абласнога краязнаўчага музея. На працягу 1963-1969 гадоў па Адкрытых лістах Акадэміі навук Беларусі даследаваў археалагічныя помнікі Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей. Краязнаўчыя і археалагічныя даследаванні і меркаванні склалі яго кнігі “Дзеі над Шчарай” (2000) і “За смугою часу” (1994) і іншыя.






