BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Абвешчаны збор заявак на прэмію Багушэвіча

Беларускі ПЭН абвяшчае збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча – за творы, выдадзеныя і апублікаваныя ў 2025 годзе. Гэтая ўзнагарода ўшаноўвае творцаў, якія аднаўляюць гістарычную памяць і спрыяюць умацаванню беларускай ідэнтычнасці.

Фота: penbelarus.org

Беларускі ПЭН пашырыў спіс тых, хто можа намінаваць творы, і цяпер у тым ліку і беларускія СМІ могуць дасылаць свае варыянты твораў, годных уганаравання прэміяй Багушэвіча.

Хто і каго можа намінаваць на прэмію?

Сёлета намінаваць творы, што адпавядаюць мэтам прэміі, могуць не толькі сябры Беларускага ПЭНа, але і аўтары ды аўтаркі, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ і сябры журы.

Конкурс не мае абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства аўтарак ды аўтараў і месца публікацыі твораў. Намінуюцца творы жывых аўтараў і аўтарак, чые творы былі ўпершыню апублікаваныя ў перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2025 года.

Намінаваць можна не толькі кнігі!

На прэмію могуць намінавацца не толькі кнігі, але і артыкулы, падкасты, відэа, кіно ды іншыя формы твораў, што адпавядаюць мэтам прэміі.

Падрабязней са статутам і рэгламентам прэміі імя Багушэвіча можна азнаёміцца на сайце Беларускага ПЭНа.

Як падаць заяўку?

Заяўкі прымаюцца з 16 студзеня да 1 лютага 2026 года (да 23:59 беларускага часу). Каб падаць заяўку, запоўніце гугл-форму. У выпадку тэхнічных праблем матэрыялы можна дасылаць на электронны адрас [email protected] з пазнакай «Прэмія Багушэвіча 2025 / імя і прозвішча аўтара/аўтаркі/аўтараў, назва твора».