BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ад ад’ютанта Урангеля на намесніка міністра БНР

Іван Ермачэнка

13 траўня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Івана Ермачэнкі (1894-1970) – дзеяча беларускага нацыянальнага руху. Іван Ермачэнка нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і ў вёсцы Капачоўка Барысаўскага павета. Спачатку вучыўся ў пачатковай школе ў сваёй роднай вёсцы, а потым у Маскве скончыў гімназію.

Беларус дабраахвотнікам пайшоў у армію, а перад гэтым паспеў яшчэ скончыць школу прапаршчыкаў. Яго накіравалі на фронт, дзе Ермачэнка даслужыўся да паручніка. І нават меў некалькі ўзнагарод. На фронце ў 1918 годзе ён трапіў у палон, але адтуль яму ўдалося ўцячы.

У Расеі ішла грамадзянская вайна. З палону Іван Ермачэнка трапіў у Белую армію рускага генерала Пятра Урангеля, які камандаваў паўднёвым фронтам. Там Ермачэнка даслужыўся да палкоўніка. Хутка яго генерал бярэ да сябе і прызначае сваім ад’ютантам. Пасля паразы разам з генералам Урангелям беларус эвакуіруецца ў Турцыю ў Канстанцінопаль.

У Канстанцінопалі Іван Ермачэнка не сядзіць без справы, а хутка наладжвае сувязі з беларусамі, і ў 1921 годзе стварае Беларускі Камітэт.

Беларускі Камітэт у Канстацінопалі ў 1921 годзе актыўна наладжвае сувязі з кіраўніцтвам Беларускай Народнай Рэспублікі, якое ў гэты час знаходзілася ў Коўне. Туды едзе Іван Ермачэнка, дзе сустраецца з Вацлавам Ластоўскім – старшынёй ураду БНР. Там Ермачэнка атрымлівае за подпісам Ластоўскага дазвол на дыпламатычнага прадстаўніка БНР у Канстанцінопалі і генеральнага консула на Балканах. З дыпламатычным пашпартам Іван Ермачэнка вярнуўся ў Канстанцінопаль. Дзякуючы яму хутка былі атрыманы прызнанні БНР дэ факта ад французскага, італьянскага і грэцкага ўрадаў. Беларускі дыпламат наведаў усе дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы ў Турцыі, дзе яго запэўнілі, што беларускія пашпарты БНР будуць сапраўдныя, як і пашпарты іншых дзяржаў свету.

У Турцыі Іван Ермачэнка дапамагаў беларусам-вайскоўцам выехаць з Турцыі ў Літву, Амерыку і ў іншыя краіны. Ён таксама заснаваў консульскія аддзелы БНР у Балгарыі і Югаславіі.

У другой палове 1922 года Іван Цвікевіч выклікаў Івана Ермачэнку ў Коўна і прызначыў яго намеснікам міністра замежных спраў БНР. Але ў канцы гэтага года літоўскі ўрад выгнаў беларускае кіраўніцтва з Коўна. Праўда, літоўцы прапанавалі Івану Ермачэнку застацца ў Літве і стаць камандзірам аднаго з палкоў літоўскай арміі. Але Ермачэнка адмовіўся, і разам з урадам БНР пераехаў у Прагу.

Консул у Турцыі Іван Ермачэнка (справа) са сваім сакратаром. Канстанцінопаль, 1921-1922 гады

У Празе Іван Ермачэнка паступіў у Карлаў універсітэт на медыцынскі факультэт. Падчас вучобы ён становіцца актыўным сябрам Беларускага студэнцкага саюза, кіраўніком беларускай секцыі арганізацыі моладзі “Сокал”, якая існавала пры агульным чэшскім “Сокале”, супрацоўнічаў з сябрамі БНР.

У 1929 годзе Іван Ермачэнка скончыў Карлаў універсітэт і ў Празе адкрыў свой прыватны лекарскі кабінет. Ён займаўся не толькі медыцынай, але і актыўна цікавіўся палітыкай.

Восенню 1941 года Іван Ермачэнка прыязджае ў Менск. Ён сур’ёзна займаецца Самапомаччу, якая задумвалася акупацыйнымі ўладамі, як дабрачынная арганізацыя для апекі над беднымі слаямі насельніцтва. Але, дзякуючы Івану Ермачэнку, удалося стварыць агульнабеларускую арганізацыю, якая займалася не толькі сацыяльнымі пытаннямі, але і пытаннямі школьніцтва, культуры і грамадскага жыцця. Напачатку 1943 года гітлераўскія спецслужбы пачалі сачыць за кіраўніком Самапомачы, убачыўшы ў ім вялікую небяспеку. Таму ў красавіку 1943 года яго высылаюць у Прагу пад нагляд гестапа.

22 верасня 1943 года выбухам міны ў Менску быў забіты генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. У сувязі з гэтым у Празе быў арыштаваны Іван Ермачэнка, які падазраваўся ў арганізацыі забойства. Спачатку яго пасадзілі ў турму, а потым на цягніку адправілі ў канцлагер.

Галоўная Рада Беларускай Самапомачы ў Менску, 1942 г. Сядзіць трэці справа Іван Ермачэнка.

Хутка яго цудам выратавалі. А вясной 1945 года Іван Ермачэнка разам з сям’ёй з Чэхіі едзе ў Заходнюю Германію, а праз тры гады эмігрыруе ў ЗША.

У ЗША Іван Ермачэнка таксама не сядзеў без справы. Ён разам з некалькімі беларусамі заснаваў Задзіночаны (Злучаны) беларуска-амерыканскі дапаможны камітэт ў Саўт-Рыверы. Тады пачаў выдавацца і часопіс “Беларус у Амерыцы”, дзе друкаваўся і сам спадар Ермачэнка.

Да канца свайго жыцця (памёр 25 лютага 1970 года) Іван Ермачэнка быў сябрам рэдакцыйнай камісіі Беларускага Кангрэсавага камітэта Амерыкі, якая рыхтавала да друку гісторыю Беларусі на англійскай мове.

Беларускае Радыё Рацыя