Сёлета напачатку верасня ў Лідзе адбудзецца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства. Да гэтага свята ў Лідзе рыхтуюцца плённа і канкрэтна, асабліва мясцовыя літаратары. Дзякуючы шматгадоваму рупліўцу на ніве беларускага слова Станіславу Судніку, з друку нядаўна выйшаў чарговы літаратурна-мастацкі зборнік “Ад лідскіх муроў”. Гэта ўжо адзінаццаты выпуск, але сёлета ён атрымаўся даволі важкім і выйшаў з друку ў дзвюх кнігах.

Першы том склалі паэтычны творы Ірыны Багдановіч, Уладзіміра Васька, Кацярыны Янчэўскай, Алы Юшко, Кастуся Якубчыка і яшчэ 21 лідскага паэта.
У раздзеле “Спадчына” ў зборнікі ўвайшлі ўнікальныя вершы Тодара Нарбута, якога ўсе лічаць выключна гісторыкам, а ён напісаў шмат уласных вершаў, пародый, зрабіў пераклады твораў антычных аўтараў. Паэтычная спадчына Тэадора Нарбута па-беларуску таксама парадуе аматараў паэзіі.
У “Спадчыне” надрукаваны творы і Камілы Юрэвіч з Нарбутаў.
Другі том “Ад лідскіх муроў” склалі апавяданні Уладзіміра Васька, Уладзіслава Сосны, Ганны Гайдукевіч, Аляксея Сымановіча, Наталлі Тананушкі, Людмілы Русь, Віктара Праўдзіна і іншых аўтараў. Пазнаёмяцца чытачы з невядомай раней аповесцю Ніны Тарас “Бура” і з аповесцю Веры Навіцкай “Вясёлыя будні”.
У раздзеле “Літаратуразнаўства” Станіслаў Суднік разважае пра Лідскую польскамоўную літаратуру 1920-1930-х гадоў, а Леанід Лаўрэш – пра лідскіх Нарбутаў.
Надрукаваны ў зборніках і матэрыялы пад рубрыкамі “Літаратурнае жыццё”, “Кнігапіс” і згадкі пра тых лідскіх аўтараў, якія пакінулі гэты свет.
Беларускае Радыё Рацыя






