26 чэрвеня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, гісторыка, публіцыста, празаіка, доктара філалогіі Антона Адамовіча (1909-1998).

Родам Антон Адамовіч быў з Менску. У 1920-я гады ён актыўна пісаў пра творчасць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць Максіма Гарэцкага. Першая друкаваная праца – рэцэнзія на зборнік Валерыя Маракова «Пялёсткі». Уваходзіў у літаб’яднанне «Узвышша». Скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум, пачаў вучыцца ў БДУ.
25 ліпеня 1930 года Антона Адамовіча арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года ён быў высланы ў Глазаў, у 1934 годзе пераведзены ў Вятку, дзе працаваў у навучальных установах. Арыштоўваўся зноў 25 чэрвеня 1937 года. Вызвалены ў 1938 годзе, вярнуўся ў Менск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе.
У час Другой сусветнай вайны заставаўся ў Менску. З ліпеня 1941 года – адзін з арганізатараў выдання шэрагу беларускіх газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Менскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. Адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». Быў сябрам галоўнай рады беларускай народнай Самапомачы.

Антон Адамовіч на эміграцыі
У канцы 1943 года Антон Адамовіч пераехаў у Германію. Працаваў у газеце «Раніца» (Берлін). У лагеры для перамешчаных асоб выдаваў газету «Ведамкі», «Бацькаўшчына», часопісы «Конадні» і «Сакавік». Пісаў рэцэнзіі на кнігі беларускіх аўтараў, прадмовы да эміграцыйных выданняў.
Падрыхтаваў шэраг угодкавых артыкулаў: «Каб так любілі Беларусь» (Да 15-х угодкаў смерці Паўлюка Труса), «Usievalod Ihnatouski» (Да 65-годдзя з дня нараджэння Усевалада Ігнатоўскага), «Паўлюк Трус» (Да 25-х угодкаў смерці і 50-х угодкаў народзінаў), «Дзясятая гадавіна смерці Кузьмы Чорнага», «30-я ўгодкі заснавання „Узвышша“», «Юбілейны год: „Наша доля“, „Наша ніва“», «Да 40-годдзя савецкае літаратуры», «З нагоды 30-х угодкаў дзейнасці Рыгора Крушыны», «Да 40-годдзя Купалавага антыбальшавізму» і «Некатарыя Купалавы балады 1918 г.», «Пяцьдзясят гадоў беларускага адраджэння», «На ўгодкі Слуцкае бітвы» і іншыя. Надрукаваў шэраг антыбальшавіцкіх рэфератаў, артыкулаў, кніг – «Яны зноў на Беларускай зямлі», «Арыентацтва – хвароба беларуская», «Очерки истории большевизма в Белоруссии», «Саветызацыя беларускай літаратуры», «Пантэон пісьменнікаў БССР». У газеце «Бацькаўшчына» апублікаваў манаграфію «Званар Адраджэння – Вацлаў Ластоўскі». Нацыянальнай ідэяй прасякнуты такія празаічныя творы Антона Адамовіча, як «Афрадыта ОСТ», «Каханы горад» і іншыя.
З 1960 года Антон Адамовіч жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода» і БІНіМу. Працягваў пісаць гісторыка-літаратурныя і крытычныя артыкулы, матэрыялы па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.
Антон Адамовіч памёр у ЗША, пахаваны ў Іст-Брансўіку на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.

Антон Адамовіч з бацькамі, 1930-я гады
Беларускае Радыё Рацыя






