BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ад “ваўка” да “шчупака”. Тапаніміка Гарадзеншчыны

Прапануем вашай увазе шэраг нарысаў, прысвечаных паходжанню назваў гарадоў і мястэчак цяперашняй Гарадзенскай вобласці. У першым артыкуле – пра тры назвы раённых цэнтраў.

Астравец. У пісьмовых крыніцах як мястэчка ўпершыню згадваецца пад 1468 годам. Належала ў розны час некалькім знакамітым родам – Гаштаўтам, Карыцкім, Корсакам, Кастравіцкім, Сыцянкам. Ведамае выслоўе “Астравец – свету канец” паказвае на геаграфічную аддаленасць гэтага гораду ад абласнога цэнтру і бальшыні іншых мясцін вобласці. Што датычыць паходжання назвы, то, здаецца тут няма асаблівых загадак. Астравец – невялікі востраў, астравок. Фармант -ец ёсць адным з найстарэйшых словаўтваральных сродкаў, пры дапамозе якіх утвараліся памяншальныя і памяншальна-любосныя формы назоўнікаў. Зараз у гэтай функцыі -ец ужываецца надзвычай рэдка. Астравок – гэта ня значыць абавязкова пасярод мора ці вялікага возера, хоць Астравеччына якраз і слаўная сваімі Сарачанскімі азёрамі. Усё намнога прасцей. Раней астраўкамі называлі адваяваныя ў дзікай прыроды культурныя дзялянкі, лапікі зямлі, раскіданыя сярод непрыдатных для земляробства лясоў, балотаў і пясчанікаў. Адсюль і паходжанне айконіма Астравец.

фота з вольнага сеціва

Дадам, што статус горада Астравец атрымаў толькі ў 2012 годзе, а пасля будаўніцтва атамнай станцыі непадалёку Гервятаў несельніцтва Астраўца цэлы час расце і перасягнула ў 2024 годзе 15 тысяч.

Ваўкавыск. Існуе прынамсі некалькі версій паходжання гэтай адметнай назвы. Адна з іх была адлюстраваная як народнае паданне яшчэ ў 1881 годзе – у адным з выпускаў часопіса “Віленскі веснік”. Нібыта паселішча атрымала назва ад двух імёнаў – Волака і Вісека – кіраўнікоў мясцовых рабаўнікоў, якія рабілі сваю чорную справу яшчэ ў 8 стагоддзі. Але на кожную сілу заўсёды знойдзецца іншая. Нібыта ў 738 годзе нехта Ваціслаў Завейка забіў Волака і Вісека і на месцы іх прыстанку пабудаваў 10 хацінаў, тым самым паклаўшы пачатак забудове новага гораду. У памяць пра гэтыя падзеі пасяленне і было названае “Волака-Выск”. Гэтую версію падтрымліваў і святар Булгакоўскі, які выдаў у 1914 годзе “Гістарычны нарыс Ваўкавыску”.

фота з вольнага сеціва

Паводле іншай версіі горад атрымаў сваю назву ад ракі Ваўкавыя, якая працякае праз места і ўпадае ў раку Рось – левы прыток Нёману. Рака ж атрымала такую назву таму, што некалі яна цякла праз непралазны лясны зараснік, дзе вадзілася шмат ваўкоў. Ну а як воўк, то безумоўна вые! На карысць гэтай версіі тое, што пазней, калі горад ужо атрымаў пячатку, то на ёй была выбітая воўчая галава.

Трэцяя версія выводзіць паходжанне назвы з таго, што некалі горад ляжаў на старажытным волакавым шляху. Спосаб пераноскі судоў па сушы быў папулярным у варагаў, а паселішча ў Ваўкавыску было апорным пунктам на шляху падарожнікаў і гандляроў.

Яшчэ адна гіпотэза звязвае назву з старажытным народам волахаў, які здаўна займаўся жывёлагадоўляй і жыў далекавата – у паўднёвым Прыкарпацці. Аднак, частка волахаў у 10 ст. перасялілася разам з дрыгавічамі і валынцамі ў рэгіён Панямоння.

Як бы там не было, сёння на ўскрайку цэнтральнага пляцу Ваўкавыску ўсталяваны прыгожы помнік ваўку, які безумоўна робіць яму адметнасць. Ваўкавыскі воўк куды большы за славутую легендарную рымскую ваўчыцу. Зрэшты, як і належыць сапраўднаму беларускаму ваўку.

Вялікая Бераставіца. Паселішча хутчэй усяго атрымала назву ад ракі Бераставіца (зараз яна называецца Бераставічанка). Магло быць названа ад урочышча Бераставіца, дзе расло цвёрдае, з роўнай драўнінай дрэва бераст (малы вяз, ліставаты вяз, які яшчэ называюць карагач, у польскай мове brzost). Адсюль якраз і назва Берасце (сучасны Брэст). На тэрыторыі Беларусі бераст якраз рос на тэрыторыі сучасаных Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны).

фота аўтара

Намнога менш імаверна, што назва пайшла ад месца дзе раслі бярозы, з якіх здабывалі кару (бераст), якая ішла на гаспадарчыя патрэбы.

працяг будзе

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя