BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава

Беларускі ПЭН 16 сакавіка адкрыў прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі.

«Сёння, у дзень народзінаў патрона прэміі, мастака, дызайнера, паэта і культурнага дзеяча Міхала Анемпадыстава, мы радыя абвясціць збор заявак!» – гаворыцца ў абвестцы.

Данная прэмія ацэньвае не толькі візуальную прыгажосць вокладкі, але і тое, наколькі яна адлюстроўвае сутнасць самога выдання.

Сёлета прэтэндаваць на прэмію могуць дызайнеры, якія аформілі вокладкі да беларускіх папяровых кніг, што выйшлі ў 2025 годзе. Беларускай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыў: выдадзена ў беларускім выдавецтве; напісана беларускім аўтарам; напісана па-беларуску; змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

Проста запоўніце гугл-форму да 29 сакавіка 2026 года (да 23:59 беларускага часу). Заявіць кнігу на прэмію могуць дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, арганізатары прэміі, выдавецтвы!

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, выкарыстайце опцыю зашыфраванага ўдзелу (ні вашае імя, ні твор не будуць згадвацца публічна).

Аўтары найлепшай вокладкі будуць уганараваныя ўзнагародай прэміі Анемпадыстава – статуэткай анёла.

Заснаваная ў 2019 годзе прэмія адзначае найлепшыя прыклады кніжнага дызайну і падтрымлівае традыцыю ўганаравання і прасоўвання беларускіх выданняў.