BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адмысловай імпрэзай адзначылі 25-годдзе Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org

На артсядзібе фонду Mochnarte на Гайнаўшчыне адбылося святкаванне 25-годдзя Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org.

На гасціннай сядзібе сабралася шмат гасцей. Гучалі віншаванні, уручаліся падарункі, адбыўся невялікі канцэрт пад адкрытым небам.

Пра значэнне для беларускай культуры Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org кажа яе заснавальнік і кіраўнік Яраслаў Іванюк:

– Маю свядомасць, што праект «Камунікат» – гэта на сённяшні момант нешта вельмі важнае. Асабліва ў сітуацыі, калі шмат беларусаў з’ехала з радзімы, калі дыяспара, эміграцыя беларуская – гэта некалькі сотняў тысяч, можа нават мільён беларусаў па ўсім свеце, і для іх «Камунікат» – гэта магчымасць пагартаць беларускую літаратуру, як класічную, так і сучасную.

Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org гэта не толькі кнігі ў электронным фармаце.

– Пра што таксама трэба памятаць, гэта не толькі інтэрнэт-бібліятэка з традыцыйнымі электроннымі кнігамі, але таксама і аўдыё. У нас ёсць больш за 60 аўдыёбукаў, і гэта кнігі ў асноўным з беларускай сучаснай літаратурай, якія даступныя па ўсім свеце.

Кіраўнік Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк лічыць, што гэты ўнікальны інтэрнэт-збор кніг, перыёдыкаў і іншых выданняў павінен належыць беларускаму народу і ў перспектыве, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, ён перадасць яго Нацыянальнай бібліятэцы.

Беларускае Радыё Рацыя