13 чэрвеня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянальнага дзеяча, удзельніка Усебеларускага з’езда 1917 года, аднаго з кіраўнікоў Слуцкага паўстання ў 1920 годзе Паўла Жаўрыда (1889-1939).

Павел Жаўрыд нарадзіўся ў фальварку Цяцераўка на Случчыне. Жаўрыды паходзілі са збяднелай шляхты Цялядавіцкай воласці. У 1905 годзе яго бацька, Якаў Жаўрыд, скарыстаўшыся пазыкай сялянскага банка, набыў хутар Магільскі ў Старобінскай воласці. Такім чынам сям’я набыла 45 дзесяцін малапрыдатнай для земляробства зямлі. Жаўрыды былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму што трэба было плаціць вялікія грошы банку. Таму яны не маглі дапамагчы сыну, які ў той час вучыўся.
Пачатковую адукацыю Павел Жаўрыд атрымаў у народнай вучэльні Грэска. У 1909 годзе скончыў Слуцкую гімназію. У Слуцку Павел жыў у доме Асвяцімскіх, дзе пасябраваў з вядомым беларускім эсэрам Маркам Асвяцімскім. Таксама ў Слуцкай гімназіі Павел блізка пазнаёміўся з Фабіянам Шантырам. З Шантырам ён ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру і рабіў даклады на рэвалюцыйную тэму. Гімназісты далі яму мянушку «Арганізацыя».
Потым Павел Жаўрыд вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. Служыў у расейскім войску. Ён быў удзельнікам Першага Ўсебеларускага з’езда. У 1919 годз беларуса арыштавалі бальшавіка, а ўжо ў канцы 1920-га Найвышэйшай радай БНР Павел Жаўрыд быў прызначаны камісарам Случчыны і ўваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Пазней працаваў на розных гаспадарчых пасадах у Менску і Мар’інай Горцы, пасля — у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газеты «Звязда».
Павел Жаўрыд двойчы быў артыштаваны саветамі – у 1930 і 1937 гадах, сасланы ў Паўночна-чыгуначны канцлагер НКУС Комі АССР, дзе і памёр.
Беларускае Радыё Рацыя