
6 траўня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса (1904-1929) – аднаго з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Нарадзіўся Паўлюк Трус у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сям’я была вельмі беднай, мела ўсяго дзве дзесяціны зямлі. Бацька Адам Трус пасля падзелу дзедавай зямлі паміж сынамі, а потым і паміж унукамі, атрымаў толькі шостую частку звычайнага надзелу, гэтыя самыя дзве дзесяціны. Таму вясковае прозвішча Трусоў было Шастаковы. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, Паўлюк быў самы старэйшы. З дзевяці гадоў хлопчык хадзіў пастухом і дапамагаў бацьку.
У вясковай школе Паўлюк вельмі старанна вучыўся. У сямігодку ва Узду хадзіў кожны дзень пешшу – дзесяць кіламетраў туды, дзесяць назад. Гэта, калі было цёпла. А зімой жыў у мясцовым інтэрнаце. Там юнак пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам.
Восенню 1918 года заняткі ў сямігодцы на некаторы час прыйшлося адкласці. Пачалася грамадзянская вайна, летам 1920 года не хапала абозаў для патрэб арміі. Замест хворага бацькі забралі ў абоз Паўлюка, з Чырвонай арміяй ён даехаў амаль да Варшавы, у дарозе хварэў. Затым вярнуўся дадому, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.
Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Лекцыі там чыталі Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік. Тут вучыліся Пятро Глебка, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны і Сымон Хурсік.
Першы надрукаваны верш 20-гадовага паэта называўся «Над возерам». Твор вельмі дасканалы для гэтага ўзросту, уражвае маладой свежасцю, шчырасцю і чысцінёй:
Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сочную гладзь,
у постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасці сняць.
На творчасць Паўлюка Труса паўплывалі яго любімыя аўтары: Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас…
Сярод сваіх аднакашнікаў ён вылучаўся, быў зоркай першай велічыні. Добра спяваў, меў бездакорны музычны слых, арганізоўваў пастаноўкі п’ес, удзельнічаў у спектаклях, маляваў дэкарацыі, разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным пад агульным псеўданімам «Калектыў шаўцоў» выпускаў вусную газету «Чырвоны прамень». Актыўна друкаваўся ў газетах і займаўся апрацоўкай беларускага фальклора для кампазітараў Нестара Сакалоўскага і Уладзіміра Тэраўскага. Быў актыўным членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» у 1925 годзе, слухаў лекцыі ў паэтычнай студыі, наведваў школы і рабочыя гурткі, удзельнічаў у літаратурных дыскусіях. Пры жыцці паэта выйшлі два зборнікі: «Вершы» ў 1925 годзе і другі – «Ветры буйныя» – у 1927-м. У планах быў трэці зборнік пад назвай «Чырвоныя ружы» і першая паэма «Сірата Алеся». Пасля яго смерці выйшлі «Творы» (1935 г.), кнігі «Выбраныя творы» (1931 – 1979 гг.), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984 г.). Для дзяцей была выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983 г.) і іншыя.
Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1927 годзе Паўлюк Трус з’ехаў на працу ў Гомель. Уладкаваўся на пасаду сакратара ў рэдакцыю газеты «Новая деревня». Праз некалькі месяцаў газета перастала існаваць і Паўлюк перайшоў у гомельскую раённую газету «Палеская праўда». На новым месцы працы ён арганізоўваў літаратурныя вечары ў розных гарадах і вёсках Гомельшчыны, чытаў лекцыі пра маладую беларускую літаратуру. «Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры».
У 1928 годзе паэт пераехаў з Гомеля ў Менск і паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. На семінарах па беларускай літаратуры вывучае сярод іншых і свае ўласныя вершы, бо яны ўжо ўваходзяць у праграму ўніверсітэта. Такі выпадак ці не адзіны ў літаратуры, каб паэт аналізаваў свае асабістыя вершы падчас вучобы.
Апошняя яго паэма «Дзясяты падмурак» была надрукавана ў часопісе «Маладняк». Паўлюк Трус спрабаваў даць у ёй шырокую панараму змен у краіне, але задаволены паэмай не быў.
Улетку 1929 года, на канікулах, Паўлюк Трус адправіўся ў фальклорную экспедыцыю па Магілёўшчыне – збіраць народныя песні. Вяртаўся ў Менск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дадому, зразумеў, што захварэў, але ўсё роўна паехаў у Ждановічы, каб праведаць сваіх сяброў Пятра Глебку і Міколу Хведаровіча. Уначы яму стала зусім дрэнна, і пры тэмпературы пад сорак Паўлюк пешшу дайшоў да бальніцы ў Менску. Месцаў у палатах не было – яго паклалі ў калідоры. Тут ён і памёр – выратаваць паэта ўрачы не змаглі – у экспедыцыі ён захварэў на брушны тыф. 30 жніўня 1929 года паэта не стала. Яму было ўсяго 25 гадоў.
Хавалі Паўлюка Труса ў закрытай труне на Вайсковых могілках. У ганаровай варце стаялі народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. Правесці паэта ў апошні шлях выйшаў, без перабольшанняў, увесь Менск – Паўлюка любілі і простыя чытачы, і інтэлігенцыя, і працаўнікі фабрык, і настаўнікі школ.
Зараз яго імя носіць вуліца ў Менску і Уздзенская раённая бібліятэка.


Беларускае Радыё Рацыя