BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Запамінальны збор на Gronka – ратаванне магіл беларусаў у Беластоку”

Платформа Gronka.org, створаная ў 2024 годзе, за адносна кароткі час дапамагла рэалізаваць больш за паўсотні беларускіх праектаў на агульную суму каля 70 тысяч еўра. Яна стала прасторай, дзе культурныя, сацыяльныя і творчыя ініцыятывы знаходзілі падтрымку. Аднак у нейкі момант платформа была прызнаная рэжымам у Беларусі «экстрэмісцкай», а каманда ўзяла паўзу.

Цяпер Gronka вяртаецца да актыўнай працы з улікам досведу, з узмоцненымі мерамі бяспекі і новымі планамі развіцця.

Крысцина Дробыш

Пра прычыны вымушанага перапынку, пра бяспеку карыстальнікаў, пра планы і магчымасці для аўтараў і спонсараў размаўляем з «Госцяй Рацыі», амбасадаркай краўдфандынгавай платформы Gronka.org Крысцінай Дробыш.

РР: Раскажыце, калі ўзнікла Gronka і чаму сышла ў адпачынак?

Крысціна Дробыш: Паўстала Gronka намаганнямі каманды людзей, якая хацела неяк спалучыць колькасць класных ідэй, якія існуюць у грамадстве, з тымі, хто гатовы гэтыя ідэі падтрымаць. Быў прыклад выдатны «Мола-Мола», Talaka, Ulej, у іх былі свае правілы гульні, але ўсяго гэтага мы былі праз пэўныя прычыны пазбаўленыя. І вось цяпер у нас існуюць фонды і сайты дапамогі рэпрэсаваным людзям на розныя сацыяльныя рэчы. Але тое, што тычыцца культуры, у якой па сутнасці заўсёды паўстаюць праблемы грошай, дапамогі, камунікацый, то Gronka акурат стала такім выйсцем, калі людзі са сваімі ідэямі маглі прыйсці і знайсці людзей, у якіх было жаданне і магчымасць падтрымаць. Прычым, гэта не значыць, што ў цябе маюць быць  тысячы еўра. Гэта можа быць і 5 еўра, і 10. Але па сутнасці, гэта можа падтрымаць цэлы праект і нават дапамгчы закрыць збор на гэты праект. Плюс яшчэ гэта выдатная магчымасць расказаць пра сябе, каб як мага больш людзей пра цябе дазналася.

А чаму адбыўся перапынак? Прычына вельмі простая, насамрэч, гэта грошы. Як у большасці ініцыятыў, з якімі я сутыкаюся, першы год існавання Gronka існавала за кошт уласных сродкаў яе стваральнікаў. Праблема вельмі простая – грошы скончыліся. Таму трэба было шукаць дадатковае фінансаванне. Сама платформа не бярэ працэнтаў са збораў, якія адбываюцца, бярэ толькі Stripe, праз які адбываецца. Таму трэба было для жыцця платформы дадатковае фінансаванне. І цяпер удалося нарэшце яго знайсці. Я спадзяюся, што мы ўсё ж такі выйдзем на нейкую сталую падтрымку праекту і зможам існаваць надалей.

РР: Ці можам мы ўзгадаць самыя знакавыя праекты, дзякуючы якім людзі змаглі б лепш зразумець яе сэнс, місію?

Крысціна Дробыш: Агулам у нас было больш за 50 збораў на агульную суму больш за 70 тысяч еўра. Для мяне самым запамінальнымі любімым зборам быў – гэта збор на могілкі. Гэта беларусы з Беластока. На Беласточчыне пахавана шмат гістарычных постацяў, але ёсць такая рэч, што месца на могілках ты маеш аплаціць, арэндаваць. І паўстала пытанне, што рахункі былі не сплачаны і плюс трэба было надалей заплаціць. І калі да нас прыйшоў гэты збор, то далей ён парваў усе нашыя шаблоны, таму што ён вельмі хутка збіраўся. Больш за тое, актыўнасць людзей справакавала тое, што ўлады, парафія, якая адказвала за гэтыя могілкі, таксама зацікавіліся. Яны ўбачылі, што гэта важна. Яны пагасілі частку пазыкі, дапамаглі вырашыць гэтае грашовае пытанне, акрамя збору. І нас гэта скарыла назаўсёды. Гэта быў адзін з самых паспяховых і запамінальных збораў, які яшчэ раз даказаў, наколькі гэта важна.

Цалкам гутарка:

Фота: Gronka.org

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя