BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адзін з заснавальнікаў “Маладняка”

22 студзеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Александровіча (1906-1963) – аднаго з самых яркіх беларускіх паэтаў 1920-1930-х гадоў.

Андрэй Александровіч, 1960 г.

Андрэй Александровіч меў незвычайны лёс і пакінуў пасля сябе неадназначную памяць. З аднаго боку, ён быў вельмі таленавітым і пладавітым творцам, эмацыйным выступоўцам, стаў адным з трох заснавальнікаў першага беларускага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. З іншага ж боку, ён скарыстаўся сваім талентам, каб пісаць творчыя даносы на сваіх жа калег-пісьменнікаў.

Усё гэта – выкрыванне “нацдэмаў” і “шкоднікаў”, оды партыйнаму і савецкаму начальству, згода з абмежаваннямі для роднай культуры – не дазволіла яму і самому пазбегнуць рэпрэсій. У 1938 годзе Андрэй Александровіч быў арыштаваны і аператыўна асуджаны да 15 гадоў лагераў – пакутніцкай працы на Крайняй Поўначы. Яго прыклад сведчыць, што карнікі і ініцыятары рэпрэсій хутка самі становяцца ахвярамі карнай сістэмы.

Пасведчанне А. Александровіча як ссыльнага пасяленца Дзяржынскага раёна Краснаярскага краю.

Паэт нарадзіўся ў Менску ў сям’і шаўца. Бацька заўчасна памёр, і Андрэй быў вымушаны пайсці працаваць яшчэ ў дзяцінстве. Першай яго прафесіяй было шавецтва, аднак не цураўся ён і выпадковага заробку.

У 1914 годзе хлопчыка аддалі вучыцца ў царкоўна-прыходскую школу, а потым ён вучыўся ў Менскім педагагічным тэхнікуме, а ў 1930 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч, 1924–1925 гг.

Малады паэт з’яўляўся адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923). У 1925 годзе ён стаў рэдактарам часопіса “Малады араты”, потым – намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная Полаччына” і адказным сакратаром акруговай нацыянальнай камісіі. У 1932 годзе Андрэй Александровіч быў прызначаны намеснікам старшыні аргкамітэта па ўтварэнні Саюза пісьменнікаў БССР, прымаў удзел у першым Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў.

У 1936 годзе Андрэя Александровіча абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. Пэўны час ён з’яўляўся дырэктарам Інстытута мовы АН БССР, пад яго рэдакцыяй быў выдадзены “Руска-беларускі слоўнік” (1937).

Малады Андрэй Александровіч

Літаратурная дзейнасць Андрэя Александровіча пачалася яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў. Першы яго верш “Ад беларускай моладзі” быў надрукаваны ў 1921 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. У 1925 годзе выйшаў з друку першы зборнік паэта “Па беларускім бруку”, у гэтым жа годзе – раман “Ваўчаняты” (напісаны ў суаўтарстве з Анатолем Вольным і Алесем Дударам). Крыху пазней былі выдадзены кнігі “Прозалаць” (1926), “Угрунь” (1927), “Фабрыка смерці” (1929) і шмат іншых.

Алеся Александровіч – сястра паэта, літаратуразнавец, педагог
В. Волкаў. Партрэт А. Александровіча. 1933 г.
Аўтограф Андрэя Александровіча
Кнігі Андрэя Александровіча

Беларускае Радыё Рацыя