
Беларускі Моладзевы Хаб працягвае сваю дзейнасць у Варшаве. Пры гэтым актыўнасці аб’яднанне ладзіць не толькі ва ўласным «доме», але і па-за яго межамі. Так, нядаўна Хаб далучыўся да вялікага open-air Huchna Fest. З чым – нашаму радыё распавёў Госць Рацыі, кіраўнік арганізацыі Алесь Лапко.
— Беларускі моладзевы хаб разам з нашымі ініцыятывамі выставілі свой пункт, вельмі актыўны, для таго, каб звярнуць увагу на тыя дзейнасці, што адбываюцца ў Беларускім моладзевым хабе амаль штодня, штотыдня, але і тое, дзе беларусы Варшавы могуць узяць удзел. Узяць удзел у рамках „Гучнафэсту“, прыходзіць і займацца музыкай, маляваннем, нейкімі сацыяльнымі праектамі як „Напішы ліст палітвязню“. Наш пункт быў адзін з самых заўважных, бо гэта ўсё было вельмі шчыра, і самі ініцыятывы вельмі хваляваліся, рыхтаваліся. І прайшло досыць гучна, асабліва музычнае кола, што збірала ўсіх ахвочых, хто мог імправізаваць і граць на музычных інструментах падчас сустрэчы.
РР: У вас таксама быў прадстаўлены праект „Stories“ у якім ладзяцца размовы з адметнымі беларусамі. Чаму акурат гэтым разам вы запрасілі Яраслава Кірвеля, мастака, і чаму наогул гэты праект з’явіўся?
— Праект „Stories“ гэта размовы з рознымі беларусамі, вядомымі і досыць паспяховымі, але мажліва, якім трошкі не стае мікрафону, сцэны, дзе яны маглі б расказаць нейкія свае ўнутраныя хваляванні, бэкстэйдж сваёй дзейнасці. І ў рамках праекту „Stories“ яны гэтую мажлівасць займелі. Яраслаў Кірвель ужо не першы год жыве ў Варшаве, прыходзіць на розныя імпрэзы, малюе адразу тое, што бачыць, таго, каго бачыць, а потым дорыць гэтыя малюнкі самім удзельнікаў імпрэзы, шмат разоў быў на такіх імпрэзах у Беларускім моладзевым хабе, так мы з ім і пазнаёміліся. Я думаю, што гэта адна з тых асоб, з тых маладых зорак-мастакоў, што мусяць уплываць на новае пакаленне беларусаў, і ў замежжы таксама, адухаўляць іх. Вельмі важна, каб іхныя галасы, іхныя „stories“ таксама гучалі і былі пачутыя.
Алесем Лапко гутарыла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






