4-га траўня споўнілася 19 гадоў з моманту смерці паэта Анатоля Сыса. Ягоныя вершы дагэтуль не ўключылі ў школьную праграму па беларускай літаратуры. Аднак ягоны ўнёсак у беларускую культуру немагчыма перабольшыць. А ягоныя вершы дагэтуль гучаць па-прароцку.
Пра творчасць і асобу Анатоля Сыса разважае паэт Алесь Плотка.
РР: Калі Вы ўпершыню сутыкнуліся з творчасцю Анатоля Сыса?
Алесь Плотка: Першы раз, хіба што, у студэнцкія гады з патокам нейкай інфармацыі з Менска ў пачатку нулявых, калі можна было чытаць часопіс “ARCHE ”, які быў у Гомелі. Калі былі маладыя гады гомельскага актывізму.
РР: Вашыя першыя ўражанні ад ягоных вершаў?
Алесь Плотка: Гэта было на дзіва смела. Ведаеце, праблема беларускай літаратуры часта ў тым, што паміж пакаленнямі няма сувязі. І мала каму ўдаецца стварыць такую мову, стварыць такую праблематыку ці апісаць рэальнасць так, каб быць па-за часам і каб пакаленне наступнае ўспрымала цябе не як свайго хлопца, але разумела, што ты кажаш,, і каб гэта іх кранала. І, канешне, Сыс быў тады адным з адкрыццяў. Бо, скажам так, нам, пакаленю нулявых, здавалася: ай, што там тыя 90-я, што там гэтыя адраджэнцы. Але Сыс выбіваўся з гэтага сваёй можа быць празмернай шчырасцю. Я думаю, гэта тое, чаму ён і стаў, тым, кім ён стаў. І заззяў так, як не змог ніхто іншы.
РР: Што для Вас самае ўлюбёнае ў творчасці Сыса? Што можа трымаеце заўжды ў памяці, да чаго звяртаецеся?
Алесь Плотка: Усе ягоныя кніжкі даўно распрададзеныя. І гэта таксама добрая нагода падумаць пра нейкае перавыданне вершаў. Мне ў гэты перыяд часу адгукаюцца даволі вядомыя ягоныя словы: “паэт сказаў: п’ем за Айчыну! І кожны выпіў — за сябе” Мы праходзім зараз няпросты час, дзе людзі часам пачынаюць грызціся, ствараць нейкія разборкі. Я думаю, гэты эгрэгар вельмі трапна ім сказаны, мае нам дапамагаць і мы мусім не забывацца, для чаго мы жывем. Прабачце за нейкі пафас, – для Беларусі. Нават у цяжкі перыяд мы не мусім раз’ядноўвацца, мы не мусім пачынаць сваркі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя