Гэты беларускі празаік літаральна за апошнія пяць гадоў стаў адным з самых вядомых айчынных творцаў у Еўропе. Яго кнігі ў перакладах выходзілі ў Францыі, Польшчы, Германіі, ЗША і іншых краінах. Але найбольшую славу яму прынёс раман «Сабакі Еўропы», які сёлета атрымай прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу. Пра гэты раман, але таксама пра беларускую літаратуру ў замежжы з Госцем Рацыі – пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Два гады таму на фестывалі «Прадмова», калі ты выступаў, то казаў, што ў замежжы не так проста з беларускай літаратурай, што мы пераважна іх цікавім сваімі праблемамі, напрыклад, Чарнобылем, чымсьці яшчэ, а не ўласна літаратурай. Ці пераглядзеў ты гэта апошнім часам, асабліва пасля поспеху з раманам «Сабакі Еўропы»?
Альгерд Бахарэвіч: Мабыць апошнім часам я пачаў гэта пераглядаць, таму што ў маім жыцці адбыліся вялікія змены, і раман «Сабакі Еўропы» напраўду атрымаў прызнанне ў нямецкамоўных краінах. Я бы сказаў, што за апошні час адбыліся нейкія тэктанічныя зрухі ва ўспрыманні беларускай літаратуры. Але мне цяжка сказаць, гэта зрухі ва ўспрыманні ўсёй літаратуры, Беларусі, культуры, або гэта выключна гаворка пра канкрэтны адзін твор, пра аднаго канкрэтнага аўтара. Паглядзім.
Апошнім часам я атрымаў гэтую прэмію, даваў вельмі шмат інтэрв’ю, адчуў, што гэта такое – калі цябе сапраўды чытаюць у краіне дзе ты жывеш, чытаюць не толькі эмігранты, але і нямецкамоўныя чытачы. Паглядзім, што будзе далей. Не ведаю. На апошнім Ляйпцыгскім кніжным кірмашы дзве з чатырох галоўных прэмій дасталіся перакладчыку з беларускай мовы і беларускамоўнаму аўтару. Гэта, відаць, пра нешта сведчыць. Я думаю, што наступным разам, калі нямецкія крытыкі, або нейкія ўплывовыя ў літаратуры людзі будуць чуць словы «беларуская мова», «беларуская літаратура», «Беларусь», яны будуць успамінаць не Лукашэнку і, магчыма, не Чарнобыль, а будуць успамінаць перакладчыкаў, аўтараў, пісьменнікаў.
РР: Як ты думаеш, гэтая няўвага да беларускай літаратуры на Захадзе палягала у чым? У кансерватыўным дыскурсе ранейшай беларускай літаратуры? У няведанні літаратуры? Увогуле ў няведанні існавання самой краіны Беларусь? У чым палягала?
Альгерд Бахарэвіч: Я думаю, што ты маеш рацыю, найперш гэта палягала ў няведанні таго, чым ёсць Беларусь, што гэта за краіна. У Беларусі не было вобразу. Не было нейкага больш менш прыгожага стэрэатыпу пра Беларусь. Гэта вельмі важна для ўспрымання на Захадзе. У кожнай краіны мусіць быць вобраз і мусяць быць стэрэатыпы, звязаныя з ёй. Скажам так, стэрэатыпы, звязаныя з Беларуссю, абсалютна не ўключалі ў сябе ніякую ні мову, ні культуру, ні літаратуру.
Я думаю, што тут таксама віна абодвух бакоў. З аднаго боку гэта такая лянота заходняя, нежаданне ведаць, нежаданне разбірацца, што там на аскепках гэтай імперыі засталося, як там усё развіваецца. Нас проста не лічылі нейкай самастойнай нацыяй. Ніхто не хацеў ведаць ні пра якую беларускую мову. Нас лічылі, шчыра кажучы, нацыяналістамі. І асноўны наратыў, калі ты з імі спрачаўся, быў такі: вы проста нацыяналісты, проста ненавідзіце ўсё расейскае і таму змагаецеся, але гэта бессэнсоўнае змаганне.
Але была і віна беларусаў, таму што я ўжо пятнаццаць гадоў сачу за тым, як у нямецкамоўных краінах успрымаюцца беларусы. І беларусы, якія прыязджалі ў гэтыя краіны, каб неяк рэпрэзентаваць сваю культуру, яны не мелі, па-першае, ніякай стратэгіі, па-другое, былі, як заўсёды, занадта сціплымі, занадта лёгка пагаджаліся з тымі стэрэатыпамі, якія нам навязвалі.

РР: У якіх краінах ужо выйшаў пераклад рамана «Сабакі Еўропы»? Пазалетась ты казаў, што амерыканскі выдавец адмовіўся выдаваць раман, маўляў, кніга задужа вялікая. Але якія краіны пагадзіліся перакласці і выдаць?
Альгерд Бахарэвіч: На сёння «Сабакі Еўропы» існуюць у беларускім арыгінале. Ёсць пераклад на расейскую мову, які выйшаў ў 2019 годзе. Пераклад я зрабіў сам. Ён меў пэўны розгалас і поспех. Вось з’явіўся нямецкі пераклад. Тут я нічога не магу сказаць – і прызнанне, і поспех. Кніга напраўду нашумела за апошні год. Атрымала адну з найважнейшых прэмій.
Што тычыцца Злучаных Штатаў. Раней яны не хацелі яго выдаваць, але цяпер, паглядзеўшы, што з раманам адбываецца ў Еўропе, яны перагледзелі сваё стаўленне, і цяпер там усё знаходзіцца ў працэсе. Шукаюць перакладчыка. Хутчэй за ўсё пераклад на ангельскую будзе зроблены з расейскага перакладу, які зрабіў я сам, таму ў прынцыпе гэта дапушчальна, я лічу.
І сёлета напрыканцы году павінен выйсці польскі пераклад, яго зрабіла Яанна Бернатовіч. Яна ўжо скончыла сваю працу, ідзе рэдакцыя перакладу. А ў наступных годзе выйдзе нарвежскі пераклад «Сабак Еўропы». Перакладчыца Марына Хобель з Осла. Яна працуе над перакладам. Спадзяюся, усё будзе добра.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя