Варшава рыхтуецца стаць цэнтрам святкавання Дня Волі – чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Ужо рыхтуецца шэсце і канцэрт на 24-га сакавіка. А вось каманда БНР100 рыхтуе адмысловую анлайн-праграму да сёлетняга Дня Волі. Арганізатары задумалі працягнуць ідэю мітынга-канцэрта БНР100, які прайшоў у 2018 годзе ў Менску.
Вольга Сямашка пагутарыла з сябрай каманды, кіраўніцай ініцыятывы «Годна» Алінай Герашчанка пра тое, што чакаецца на Дзень Волі ў фармаце анлайн і як да яго змогуць далучыцца жыхары Беларусі:
РР: Вы арганізуеце святкаванне Дня Волі ў Варшаве, так? Ці будуць іншыя польскія гарады спалучацца? Што цяпер вядома? Якая праграма чакаецца?
– Так, я адна з арганізатараў Дня Волі. Хачу сказаць, што гэты Дзень Волі будзе фізічна ў Варшаве, але гэта анлайн-трансляцыя. Іншых гарадоў у нас не плануецца, бо мы спадзяёмся, што да трансляцыі будуць падлучацца з іншых гарадоў. Асноўны фармат гэтага Дня Волі з нашага боку гэта анлайн-фармат. Нам вельмі важна, каб гэты эфір глядзелі людзі знутры краіны. Мы гэта робім, каб у людзей была мажлівасць адсвяткаваць Дзень Волі разам, з сям’ёй, у сяброўскім коле, і для гэтага мы гэта ўсё і робім.
З таго што плануецца: у нас плануецца музычны блок і інфармацыйны, гэта будзе ісці ў перамешку, музычныя выступы, а паміж музычнымі выступамі будуць розныя госці, эксперты, дызайнеры, розныя людзі. Будзем з імі размаўляць, у нас будзе асноўных пяць блокаў, дзе мы паразмаўляем крыху пра гісторыю, пра 1918 год, як была абвешчаная незалежнасць, паразмаўляем крыху пра тое, як Дзень Волі пачыналі адзначаць у 80-х, 90-х, узгадаем акцыі, як людзі выходзілі на вуліцы, узгадаем, як людзі святкавалі на БНР100, паразмаўляем пра сучасную культуру, пра культурны код, чаму вельмі важна захоўваць, шанаваць, развіваць культуру, што гэта значыць сёння, можа паглядзім нейкія прыклады, і ў фінале будзе невялічкі блок пра будучыню Беларусі, якой мы яе бачым, віншаванні. Такі эфір у нас запланаваны на ўвесь вечар, таму мы запрашаем далучацца і правесці гэты вечар з намі.
РР: Колькі прыкладна гадзін такое святкаванне можа заняць па вашых планаў?
– Гадзіны чатыры, думаю, будзе.
РР: Будуць напэўна гледачы з Беларусі, але апублікавана сетка перапынкаў тэхнічных усяго інтэрнэту, нават у Беларусі. Ці чакаеце падобныя збоі падчас трансляцыі, якія могуць прыменяцца меры, і што могуць зрабіць беларусы ўнутры краіны, каб глянуць хоць адным вокам гэта? Ці будзе бяспечна?
– Мы плануем трансляцыю на Ютуб. Хочам не толькі на Ютуб, пакуль не называем пляцоўкі, залежыць ад тэхнічных мажлівасцяў. Але так, мы рыхтуемся да таго, што можа штосьці здарыцца, прыкладам, з Ютубам, як гэта было падчас звароту Святланы Ціханоўскай сёлета, таму, вядома, мы будзем разглядаць нейкія запасныя варыянты.
З «Госцяй Рацыі» – кіраўніцай ініцыятывы «Годна» Алінай Герашчанка камунікавала Вольга Сямашка.
На трансляцыю Дня Волі ўжо можна падпісацца тут:
Падтрымаць праект можна тут: https://www.bysol.org/be/private/bnr106/
Беларускае Радыё Рацыя