У Варшаве рыхтуюцца да канферэнцыі, якая пройдзе 14-15 верасня. Арганізатары вызначаюць яе як анты-канферэнцыя. На ёй будуць размаўляць пра стратэгію развіцця Беларусі. Мерапрыемства арганізоўвае прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі.
Пра гэтую падзею паразмаўлялі з Алінай Коўшык, прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.

РР: Спачатку размовы можа вызначымся з тэмамі і ідэямі гэтай канферэнцыі. І чаму анты-канферэнцыя?
Аліна Коўшык: Думаю, што важна патлумачыць навошта наогул нам канферэнцыя. Таму што мы хочам будаваць дэмакратычную краіну. Мы хочам будаваць краіну, у якой будзем чуць галасы прадстаўнікоў разных сфераў, розных супольнасцяў, і дзеля таго, каб разумець, у якім кірунку нам рухацца. Што гэта не нейкі накірунак, які прыдумала Коўшык, альбо Латушка, ці Ціханоўская. Мы сустракаемся і выпрацоўваем супольныя меркаванні.
Летась, ужо амаль год таму, мы прадставілі публіцы стратэгію нацыянальнага адраджэння развіцця. І гэтая стратэгія таксама выпрацоўвалася ў цеснай супрацы з прадстаўнікамі розных супольнасцяў. І мы вырашылі, што праз год нам важна абмеркаваць тое, наколькі гэтая стратэгія адпавядае сённяшняй рэчаіснасці, бо гэтая стратэгія акрамя канцэпцыйнай, інтэлектуальнай часткі мае таксама вельмі канкрэтныя дарожныя мапы. І вось што мы хочам зрабіць на нашай падзеі. Мы хочам перадусім абмеркаваць, якія канкрэтна крокі трэба зрабіць, каб прамаваць ідэю нацыянальнага адраджэння ў шырокіх колах беларусаў і беларусак. Вось дзеля гэтага мы задумалі гэтую падзею.
РР: І яшчэ хацеў бы звярнуць увагу на назву канферэнцыі – «Вось як возьмемся ўсё адраджаць». Мне здаецца іронія і самаіронія ёсць у гэтай назве.
Аліна Коўшык: Дакладна. Мы вырашылі трошкі пахуліганіць. Хоць насамрэч гэта вельмі сур’ёзная справа. Але мы вырашылі падысці крэатыўна да формы. А адкуль узяўся гэты слоган: «Зараз як возьмемся ўсё адраджаць»? Наша прадстаўніцтва зрабіла такі стыкер-пак, які прысвечаны акурат асноўным канцэпцыям нацыянальнага адраджэння. І там самы ўлюбёны ў беларусаў стыкер – гэта Мона Ліза з бел-чырвона-белым сцяжком, які навязвае да эпохі адраджэння, да рэнесансу і з такім слоганам «Зараз возьмемся усё адраджаць». Я думаю, што самаіронія, як і самапавага – гэта неабходныя якасці ў сённяшнім свеце, калі хочаш сапраўды рабіць сур’ёзныя рэчы. Таму мы вырашылі трохі пахуліганіць і ўзяць фармат анты-канферэнцыі.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя






