BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Коўшык пра фестываль “Tutaka”

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык прыняла ўдзел у фэсце “Tutaka”. “Праграма імпрэзы вельмі насычаная”, – распавяла дзяячка.

РР: Што паспелі ўбачыць у гэтым годзе на фестывалі “Tutaka”?

Аліна Коўшык: Фестываль “Tutaka” – гэта перадусім людзі. Для мяне самае галоўнае было ўбачыць вочы людзей, іх усмешкі. Гэта цудоўная падзарадка энергіяй усіх нас і гэта для мяне самае галоўнае. Я пабачыла тут шмат знаёмых і незнаёмых людзей, паспела з імі пагутарыць. Калі казаць пра актыўнасці фестывальныя, то я паспела прыняць удзел у дыскусіі прысвечанай культуры і адукацыі, паслухала прэзентацыю кнігі Анеты-Прмакі. Кніжка, якой я цікавілася, мела шанец падпісаць у аўтаркі, пагутарыць.

Таксама прыняла ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, тут разам са Святланай Ціханоўскай, спадаром Паўлам Латушкам і іншымі. Таксама сустрэліся з амбасадарамі, спецпрадстаўнікамі розных еўрапейскіх краін, якія таксама прыехалі наведаць гэты фестываль. Асабіста я вельмі сёння шчаслівая, сёння дзень народзін “Басовішча”. У 1990 годзе, акурат 13-га ліпеня адбылося першае “Басовішча”. Памятаю “Басовішча” са сваіх студэнцкіх часоў. Паводле мяне гэты фестываль вельмі сімвалічны. Я вельмі радая, што столькі людзей сёння тут, што надалей гэты фестываль “Tutaka” аб’ядноўвае беларусаў.

РР: Што новага на гэтым фестывалі вы для сябе адкрылі?

Аліна Коўшык: Я не ведаю ці гэта новае, для мяне гэта хутчэй зразумела, што нам патрэбныя пазітыўныя падзеі, якія будуць аб’ядноўваць нас. Фестываль “Tutaka”, фестываль абуджаных, ён акурат такой падзеяй з’яўляецца. Я думаю, што нам патрэбна больш такіх кропак, якія дадаюць нам пазітыўнай энергіі. Мы вельмі часта ў нашай штодзённасці забываемся пра тое, што трэба радавацца жыццю і цешыцца, што ёсць у нашай складанай сітуацыі, якая ёсць у нас.

Вельмі важна, што на такіх фестывалях, якія быццам бы з’яўляюцца забаўляльнымі, інтэлектуальнымі, мы памятаем пра важнае, мы памятаем пра палітвязняў. Мы гаворым пра гэта і вось дыскусіі прысвечаныя палітвязням, яны сабралі вельмі шмат людзей. То бок нам ёсць пра што размаўляць, нам хочацца размаўляць паміж сабой, а гэта самае галоўнае.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Па словах Аліны Коўшык, фестываль “Tutaka” – вельмі сучасны, але працягвае актыўна развівацца.

Беларускае Радыё Рацыя