BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Коўшык: «Разам мы будзем мацнейшымі»

У Кракаве адбыўся беларускі фестываль «Летуцень». Падчас яго працавала звыш 10 пляцовак: ад літаратурнай і этнічнай да спартыўнай і дзіцячай. На галоўнай сцэне адбыліся квіз і аўкцыён, выступілі грамадска-палітычныя дзеячы, а пазней – і музычныя гурты, сярод якіх – Разбітае Сэрца Пацана і Leibonik.

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык таксама падтрымала падзею. Сёння яна стала Госцяй Рацыі і распавяла пра свой погляд на імпрэзу:

– Я вельмі рада, што ўрэшце ў мяне атрымалася даехаць да Кракава. Не заўсёды ёсць магчымасць наведваць усе беларускія імпрэзы бо іх дастаткова шмат зараз праходзяць у Польшчы. Але Кракаў гэта вельмі своеасаблівае месца, месца шматкультурнае. Месца дзе багата беларусаў, і дзе звычны сяброўскі пікнік перарос у неверагоднае масавае свята, рэальную імпрэзу з канцэртамі, з вялікай колькасцю намётаў. Ажно 12 розных станцый, адбываецца так шмат усяго. Я думаю што гэта тое, што павінна прыцягваць і спалучаць беларусаў. 

Пасля 2020 году прайшло ўжо 4 гады. Часам нам здаецца, што ў нас не атрымалася. Але мне падаецца, што такія імпрэзы паказваюць, як шмат мы дасягнулі за гэтыя 4 гады. Самае галоўнае, што ў нас застаецца гэтая салідарнасць і ўзаемадапамога. Гэта жаданне быць разам, рабіць разам рэчы, дапамагаць адзін аднаму. Таму са сцэны я таксама заклікала, каб беларусы не проста наведвалі, каб далучаліся да розных беларускіх ініцыятываў, былі больш актыўнымі. Бо калі мы разам робім нешта, мы набліжаем гэтую новую Беларусь, Беларусь мараў, пра якую мы ўсе так думаем, пра якую мы снім.

Таксама мы яе набліжаем кожны раз, калі размаўляем па-беларуску, таму асаблівая падзяка арганізатарам фэсту за тое, што тут паўсюль чутна беларуская мова. Я шчыра ў захапленні, яшчэ не паспела прайсціся па ўсіх намётах якія тут раскладзеныя, але мне вельмі спадабалася і крэатыўная фотазона, і заняткі для дзетак, бачу тут таксама стараюцца нагнаць людзей на гэтую сонечную спёку, каб людзі тут трохі пазаймаліся спортам, парухаліся і пабегалі. Так што мне падаецца, што кожны для сябе тут зможа знайсці такую актыўнасць, якая будзе даспадобы.

РР: Наколькі актыўны Кракаў наогул як горад, у якім пражывае беларуская дыяспара якая ладзіць пэўныя мерапрыемствы?

– Кракаўская дыяспара актыўная. Тут ёсць розныя арганізацыі. Я вельмі рада, што ўрэшце ў іх зʼявілася свая прастора, то бок тое месца, дзе беларускія арганізацыі могуць жыць, працаваць, штосьці ладзіць, быць больш актыўнымі. Але я ведаю, што яны маюць таксама шмат сяброў сярод гарадскіх арганізацый. З уладамі горада мы паспрабуем усталяваць яшчэ больш сціслы кантакт, і я разумею, што беларускай прасторы ў Кракаве патрэбна дапамога горада.

– Будзем над гэтым працаваць, я ўжо паразмаўляла з арганізатарамі прасторы, думаю што мы скантактуемся з уладамі горада, каб быць можа нейкая дапамога была. З іншага боку я заклікаю тых беларусаў якія жывуць у Кракаве таксама дапамагаць. Бо перадусім гэта нашая справа вырашаць нашыя праблемы. Тут дастаткова беларускіх бізнесоўцаў, якія напрыклад маглі бы дапамагчы зрабіць рамонт у прасторы. Набыць фарбы, альбо кандыцыянер, друкарку, ці што заўгодна там будзе патрэбна.

Пікнік Letucień арганізавала беларускае таварыства «Крок» — частка каманды кракаўскай дыяспары, якая займаецца вялікімі мерапрыемствамі. Дарэчы, падчас аўкцыёну на фестывалі «Летуцень» можна выйграць запрашэнне на вячэру з Алінай Коўшык.

Беларускае Радыё Рацыя