BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Адамковіч: На Віленшчыне жылі беларусы, тут гучала беларуская мова

Беларуская культурная спадчына – чым яна прадстаўленая ў Літве? Наколькі шмат мясцінаў, звязаных з беларусамі, знаходзіцца на літоўскай зямлі? А ці неяк гэтыя кропкі на мапе былі сістэматызаваныя і з часам папаўняліся?

Аляксандр Адамковіч

На такія ды іншыя тэмы разважаў наш сённяшні Госць Рацыі, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч:

РР: Цяперашняя Вільня і Літва. З якімі беларускімі асобамі і мясцінамі яна звязаная? Ці ёсць там беларуская спадчына?

– Найперш тыя мясціны, дзе нарадзіліся выдатныя беларускія дзеячы. Таму гэтыя вёскі, гарадкі як бы найперш звязваюцца з гэтымі імёнамі. Таму можна так агулам і акрэсліць беларускія мясціны альбо мясціны, звязаныя з беларускімі дзеячамі. Гэта ў асноўным частка ўсходняй Літвы. Тым не менш, маем вялікую колькасць выдатных асобаў: гэта і Браніслаў Тарашкевіч, пачынальнік адраджэння беларускай мовы і стваральнік беларускай граматыкі. Гэта і яго калега айцец Баляслаў Пачопка, які таксама напісаў падручнік па граматыцы беларускай мовы, так атрымалася што ён не прыжыўся, і вядомы толькі ў вузкім коле спецыялістаў. Тым не менш гэта асоба таксама вядома, аўтар некалькі кніг, актыўны дзеяч адраджэння беларускай грэка-каталіцкай царквы. Яны абодва нарадзіліся, калі казаць па сённяшнім адміністрацыйным дзяленні, у Віленскім раёне. Тарашкевіч бліжэй да Лаварышак, там, дарэчы, на могілках пахаваныя і ягоныя бацькі, і дзяды, пляменнікі, адным словам – шырокае кола крэўных. Пра Пачопку на жаль вядома менш, у сэнсе што вядома менш пра яго родзічаў.

Мы ведаем, што там жа, у Віленскім раёне але трошкі далей, паблізу Рукойнаў, нарадзіўся пачынальнік беларускай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч – аўтар і пачынальнік новай беларускай літаратуры, патрыярх беларускай літаратуры. Яго можна па рознаму называць, але беларускае літаратурнае адраджэнне пачыналася менавіта з яго. Там ўжо бачым некалькі кропак. Далей, калі казаць пра Свянцянскі раён, там таксама нарадзіўся наш генерал Булак-Балаховіч, на беларуска-літоўскім памежжы, тым не менш, на сённяшні дзень гэта тэрыторыя Літвы. І бачым шмат прыкладаў, шмат яскравых асобаў, якія заслугоўваюць увагі беларусаў, беларускай памяці і пашаны.

Увогуле, калі браць Вільню, то можна шырэй пра гэта казаць не адну гадзіну. Гэта і Віленскія Росы, дзе спачываюць як пазнейшыя беларускія дзеячы, так і ўдзельнікі Паўстання Каліноўскага. Гэта і праваслаўныя могілкі, гэта і Антокальскія моглікі, Панарскія могілкі, дзе таксама знайшлі спачын шмат беларускіх дзеячаў. Гэта сведчыць пра тое, што беларусы тут жылі, гучала беларуская мова, і была тут беларуская дзейнасць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле

Таварыства беларускай культуры ў Літве займаецца ў тым ліку арганізацыяй імпрэзаў і сустрэчаў, запрашае літаратараў, навукоўцаў і іншых грамадскіх дзеячаў з Беларусі і замежжа. ТБК адраджае беларускую культурную спадчыну ў Літоўскай Рэспубліцы.

Беларускае Радыё Рацыя