BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Багданаў: Наша музыка ўтрымлівае беларускую ідэнтычнасць

Гукі менскага метро і балота Ельня, голас Марыі Калеснікавай і Якуба Коласа. Беларускія музыкі прэзентавалі канцэптуальную складанку, якая вяртае на радзіму. Рэліз мае назву “Belarus Outside Sound System”.

Сённяшні Госць Рацыі – суаўтар праекту, культурны актывіст, дыджэй і былы палітвязень – Аляксандр Багданаў (ён жа – Papa Bo Selektah). У размове з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай ён прыгадаў гісторыю складанкі.

РР: Як з’явілася ідэя гэтай складанкі?

Аляксандр Багданаў: Ідэя складанкі нараджалася вельмі даўно. І было некалькі спроб зрабіць складанку з такой канцэпцыяй – у розныя гады, і ў 10-ыя, у першай палове дзясятых. Мы спрабавалі, але не было такога трампліну, не было нейкага імпэту. Не было, напэўна, такой каманды, якая зараз склалася, і такой сітуацыі. І вось зараз усе зоркі сышліся, мы знайшлі бюджэт, каб зрабіць гэты праект якасна ад пачатку і да канца. І гэта атрымалася.

РР: Ці быў спіс, што менавіта, якія гукі, хацелася пачуць на гэтым рэлізе?

Аляксандр Багданаў: Не, не было. Я даваў абстрактнае тлумачэнне для прадзюсараў, то бок, я не хацеў, каб усё было этнічнае. Але нейкія адсоткі этнічнасці там ёсць. Я не хацеў, каб гэта было папсова. Я хацеў, каб быў баланс і андэграўнда, і нейкіх прыхаваных сэнсаў. Напрыклад, як у Ельні мы не чуем беларускай мовы, не чуем беларускіх народных інструментаў, не чуем нейкіх яўных беларускіх адценняў, але, калі пачытаць гісторыю, то гэта складзена з гукаў, якія запісаны на балоце Ельня. Таму мы стараліся ўтрымаць такі баланс паміж схаванымі сэнсамі і гукамі і такімі хутчэй яўнымі. Таксама была задача зрабіць два трэкі з гукамі ці вакзала, ці метро, ці аэрапорта, таму што ўся канцэпцыя нашага руху, і візуальная яго частка, і канцэптуальная, – гэта беларуская музыка, якая ляціць ва ўсе краіны свету і паказвае сваю беларускую ідэнтычнасць.

Цалка размова:

У складанку ўвайшлі 13 трэкаў.
Паслухаць альбом можна па спасылцы: https://belarusout.site/

Беларускае Радыё Рацыя