BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Пашкевіч: Постаць Каліноўскага становіцца пазнавальным знакам якасці беларусаў па ўсім свеце

2 лютага 1838 г. у Мастаўлянах нарадзіўся палітычны дзеяч, публіцыст і кіраўнік паўстання 1863–1864 гг. Кастусь Каліноўскі. На яго станаўленне моцна паўплываў старэйшы брат Віктар. У 1862 г. распачаў выпуск газеты «Мужыцкая праўда». Па здушэнні паўстання быў арыштаваны і пакарны смерцю. Гэта адзін з самых вядомых патрыётаў Беларусі, парэшткі якога былі ўрачыста перапахаваны ў Вільні на высокім дзяржаўным узроўні.

Мы пагутарылі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам пра тое, якое месца займае постаць Каліноўскага ў сучаснай Беларусі і за яе межамі; у чым важнасць гістарычнай постаць для фармавання беларускай нацыя зараз ва ўмовах палітычнага крызісу і вайны; ды якія «белыя плямы» у постаці Каліноўскага яшчэ могуць чакаць даследчыкаў.

РР: Магу павіншаваць Вас як спецыяліста-гісторыка з надыходзячым святам – днём народзінаў Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі. Што для Вас значыць гэта фігура, і ці паўплывала яна на Вашую гістарычную дзейнасць?

– Постаць Кастуся Каліноўскага вельмі важная ў гісторыі Беларусі. І не толькі ў гісторыі, а ў нацыянальным пантэоне сярод дзеячаў, якія маюць вялікае значэнне для фармавання нацыянальнай свядомасці, гонару за сваю нацыю, і ўвогуле таго, што называецца беларускасцю. Так сталася, што менавіта Кастусь Каліноўскі, а не нехта іншы вылучыўся на гэтую ролю. Спалучылася і ўзброеннае змаганне за незалежнасць Бацькаўшчыны, змаганне супраць Расеі, якая з русіфікацыяй з’яўляецца галоўнай праблемай для Беларусі.

Таксама ў ягонай публічнай дзейнасці ёсць нацыянальны аспект, што вылучае яго на ролю нацыянальнага дзеяча. У ягонай ідэалогіі, у ягоным светабачанні істотны элемент гэта так званы рэвалюцыйны дэмакратызм, які дазваляў яму быць незабароненым у савецкія часы, ягоную постаць можна было даследаваць, прынамсі ў абмежаваных колах, і ўзносіць яго на пастамент. Усё праз сацыяльна-дэмакратычны аспект ягонай дзейнасці, які быў выразна бачны.

Адпаведна, улічваючы, што я сам выхаваўся ў тыя часы, калі Каліноўскі быў трывала ўключаны ў гэтую нацыянальную ідэалогію, калі пра яго дазвалялася згадваць як пра гістарычную фігуру і пра літаратурнага персанажа, ён быў уключаны ў школьныя праграмы, то натуральна, што на маё фармаванне як гісторыка і свядомага беларуса гэтая постаць значны ўплыў аказала. Уліваючы тое, што з цягам часу ён усё больш траціў сваё савецкае напаўненне, і набываў напаўненне нацыянальнага героя.

РР: Як вы можаце ацаніць перспектывы гістарычнай асобы Каліноўскага ў сучаснай Беларусі падчас панавання рэжыму Лукашэнкі, прынамсі ў свой час Вадзім Гігін у беларускай думцы паказаў, што Каліноўскі не можа з’яўляцца нацыянальным героям Беларусі, а быццам бы легенду пра яго стварылі бальшавікі, якім патрэбны быў беларускі сялянскі герой. Ці такім чынам беларускі рэжым не сыграў сам з сабой у такі жарт, што не можа адарвацца ад савецкага мінулага, але Каліноўскі стаў настолькі нязручны, што перайшоў бальшавіцкую плану, і стаў фігурай, якая сапраўды аб’яднала беларускі народ?

– Так, гэта пэўны парадокс таго, што хочучы вярнуць усё савецкае, савецкую ідэалогію, рэжым Лукашэнкі мусіць змагацца супраць такога культу Каліноўскага, які па вялікаму рахунку сур’ёзна замацаваўся ў савецкія часы. Познесавецкія так скажам, ужо пасля смерці Сталіна, калі стала магчымая пэўная палітычная лібералізацыя. Тады вельмі шмат увагі беларускія навукоўцы прысвячалі гэтай постаці. Асноўная маса дакументаў пра Каліноўскага, пра якія мы ведаем, была знойдзена і ўведзена ў навуковае абарачэнне менавіта тады.

Тут рэжыму не застаецца іншага выхаду, што Каліноўскі стаў сапраўды нацыянальным героям, які аб’ядноўвае нацыю. Прычым аб’ядноўвае не на тых асновах, на якіх хацелася б прадстаўнікам рэжыму. На першую ролю вылучыўся антырасейскі чыннік яго дзейнасці.

З «Госцем Рацыі» – гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам з нагоды ўшанавання дня нараджэння нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя