У Варшаве пакажуць спектакль “Апошні сведка”, прысвечаны беларускім пратэстам 2020 года і дзейнасці гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча. Імпрэза адбудзецца 7 лютага на пляцоўцы Teatr Powszechny.

Пра праект і пастаноўку Госць Рацыі – акцёр Аляксандр Рацько – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Распавядзіце пра ваш удзел у гэтым праекце.
Аляксандр Рацько: Калі я далучыўся, то праект ужо існаваў. Была чытка ў рамках фестывалю ў Берліне. Зараз у каманды з’явілася магчымасць паказаць ужо пашыраны фармат праекту – ужо не чытка, а спектакль. Паказаць тут у Варшаве, а таксама ў Парыжы. Адзін з актораў, мой калега Зміцер Рачкоўскі, на жаль, не змог паехаць у такое падарожжа, бо ў яго ёсць праца ў Вільні, і мне прапанавалі прыняць удзел у гэтым праекце. І такім чынам я аказаўся ў Варшаве.
РР: Крышачку пра сам праект, што ён сабой уяўляе?
Аляксандр Рацько: Гэтая гісторыя напісана драматургам. Частка гэтых гісторый рэальныя, яны пра журналістаў з Гародні. На прыкладзе лёсу аднаго чалавека мы можам убачыць нейкія драматычныя падзеі, якія ўсіх нас аб’ядналі ў 2020 годзе, і гэтыя драматычныя падзеі мы можам паказаць людзям звонку, то бок, па-за межамі нашай краіны. І таксама сабе нагадаць, і нагадаць нашаму грамадству, таму, хто хоча ўзгадваць гэта і памятаць пра гэта, паказаць, што адбывалася ў нас у краіне і як гэта адбывалася.
РР: Калі ў герояў розных пастановак ёсць рэальныя прататыпы, наколькі гэта складана перадаваць акцёрам менавіта такія гісторыі?
Аляксандр Рацько: Гэта па-рознаму бывае. Залежыць і ад фармату спектакля, што гэта будзе, гэта дакументальны спектакль, ці гэта ўсё ж больш мастацкае выказванне. Тут залежыць і ад фантазіі актораў, і што ад цябе патрабуе рэжысёр, і што напісаў драматург, што ён туды ўклаў. Шмат акалічнасцяў, якія на ўсё гэта нейкім чынам уплываюць.
У дадзеным выпадку, гэта частка дакументальнага матэрыялу і частка нейкага мастацкага погляду, я так лічу, таму што ў гэтую гісторыю ўплецены не толькі сітуацыі, якія адбыліся з нашым героем, з гарадзенскім журналістам Русланам Кулевічам, але і ўвогуле гісторыі, якія адбываліся з гараджанамі Гародні і іншых гарадоў і мясцін Беларусі, таму тут перапляценне дакументалістыкі з нейкім такім мастацкім поглядам. І тут, як я казаў, усё залежыць ад таго, што хоча рэжысёр, якія ў нас умовы ёсць, колькі часу, каб зрабіць гэты фармат і г.д.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






