BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандра Ханевіч пра свае жыццё і творчасць

З блогеркай Аляксандрай Ханевіч мы пазнаёміліся на адной з выстаў у Варшаве. Паводле нашай карэспандэнткі Аліны Андрыевіч, завочна яна ведала Аляксандру, назіраючы за яе работамі ў Ютубе, таму ўзрадавалася сустрэчы і не выстаяла перад спакусай запрасіць Ханевіч у праграму «Госць Беларускага Радыё Рацыя». Не адкладваючы на потым, адразу на месцы сустрэчы пагаварылі з Аляксандрай Ханевіч пра яе новую працу, прычыну пераезду ў Польшчу і многае іншае:

РР: Вось вы блогерствам займаецеся ўсе гэтыя чатыры гады, колькі ў Польшчы?

Не, толькі два гады будзе ў сакавіку, як пачала. Першыя два гады не займалася.

РР: Скажыце, як ідзе ваша праца?

Мне дапамагаюць, я не адна. У мяне ёсць аператар, які здымае мяне, вельмі добры хлопец, граматны ў гэтым, і добры чалавек.

РР: Якія тэмы выбіраеце?

Тэмы ў асноўным пра маё жыццё. Палітыкі як мага менш. Расказваю, чым займаюся, як адпачываю. На пачатку, у першыя тры месяцы, я нават аббегала пяць дамоў.

РР: Цяжка было?

Цяпер, хіба, пасля чатырох гадоў, я ўжо не хацела б гэтым займацца. Ну так, раней была яшчэ тая энергія, але добра, што не пакінула.

РР: Колькі вам гадоў, калі не сакрэт?

Не сакрэт. Дваццаць сёмага сакавіка будзе ўжо 73.

РР: Выглядаеце вы, вядома, супер, вельмі добра, дзякуй Богу. Зараз вы дзе працуеце? Толькі блогерствам займаецеся?

Толькі блогерствам. Ну і дапамагаю на медыі „Мост“. Яны мне дапамагаюць, а я ім.

РР: Блогерства дае крыху заробку?

Дае.

РР: Пенсію атрымліваеце?

Пакуль што так.

РР: Як адпачываеце?

Някепска адпачываю. За той час, пакуль я тут, я двойчы была ў Ізраілі, адзін раз заспела там вайну; у Германіі; у Нідэрландах. Адпачываю.

РР: Там вашы знаёмыя, дзеці, родныя?

Не, толькі знаёмыя. Родныя тут са мной, сын тут. А двух дзяцей я пахавала. Шэсць гадоў таму памёр малодшы сын, яму было 39 гадоў.

РР: Як здароўе?

Як на мае гады, дык добрае. Бо тут размаўляла з маладымі, і то ў аднаго штось, то ў другога, то ў трэцяга. Дзякуй Богу, у мяне пакуль усё добра.

РР: Вы не можаце ездзіць у Беларусь?

Не. Можа тыдні тры таму ехала мая знаёмая і расказвала, што адбываецца на мяжы ў Берасці. Шмат людзей забралі, нават былі з малымі дзецьмі. Некаторыя ў аўтобус ужо не вярнуліся. Усё перабіраюць: што можна, што нельга. І кажа: калі я праходзіла, мяне пытаюцца: „А ваша прозвішча не Ханевіч?“ Яна здзіўляецца: „Хто гэта?“ А мы з ёй былі знаёмыя, сустракаліся. Яна ехала з Варшавы ў Менск. І кажа: „Не, у мяне іншае прозвішча. У вас пашпарт“ Ну а побач іншы чалавек пытаў.

Назаўтра яна прыехала дахаты, паглядзела „А хто такая Ханевіч?“ і кажа: „Сашачка, дык гэта ж ты! Божа, дык ты ў іх у нейкіх спісах?“ Я кажу: „Я папераджала, што «экстрэміст», як я магу не быць у спісах?“

РР: Вас дадалі ў спіс „экстрэмістаў“?

— Так.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Нагадаем, што з удзельніцай праграмы «Госць Беларускага Радыё Рацыя» блогеркай Аляксандрай Ханевіч пагаварыла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя