14 сакавіка ў Беластоку адбудзецца прэзентацыя зборніка «Полэшук/Полешук/Poleszuk 2.0» – новай кнігі паэзіі Аляксея Дзікавіцкага, напісанай на палескай мове. Гэта асаблівы праект, бо вершы перакладзены на польскую мову і транслітараваны на ўкраінскі алфавіт, што пашырае іх даступнасць і робіць культуру Палесся яшчэ бліжэйшай для суседніх народаў.

Наш сённяшні «Госця Рацыі» – журналіст Аляксей Дзікавіцкі – распавядзе пра сваю творчую дзейнасць, значэнне палескай мовы, а таксама падзеліцца планамі адносна мультымедыйнай спадарожнікавай платформы «Belarus Tomorrow».
Аляксей Дзікавіцкі: «Belarus Tomorrow» – гэта платформа, дзе размяшчаюцца відэаматэрыялы, якія робяць беларускія СМІ, беларускія блогеры таксама, цяпер у нас такіх партнёраў ужо каля 20. Ідэя ў тым, каб сабраць увесь відэапрадукт у адным месцы. Зараз нас ужо можна глядзець праз спадарожнік Hot Bird, але неўзабаве з’явіцца адмысловы інтэрнэт-партал, дзе можна будзе таксама глядзець, выбіраць праграмы, якія б глядач хацеў паглядзець. Так што гэта спроба аб’яднаць, палепшыць крыху якасць беларускіх СМІ, якія займаюцца вытворчасцю відэакантээнту.
РР: Ці можам мы сказаць, што гэта платформа дасць магчымасць глядзець гэты матэрыял і ў Беларусі?
Аляксей Дзікавіцкі: Перадусім у Беларусі. Гэта для Беларусі, таму гэта і на спадарожніку, таму што трэба памятаць, што мы ніколі не ведаем, наколькі далёка пойдзе рэжым. І сітуацыі, калі ў Беларусі адключалі інтэрнэт, ужо мелі месца. Але ў нас будзе спадарожнік. А яшчэ будзе прыкладанне для тэлевізара, якое можна будзе скачаць на тэлевізар і глядзець праграмы «Belarus Tomorrow». А гэтае прыкладанне ў прынцыпе нельга заблакаваць.

РР: Уся вашая гісторыя прафесійнага шляху паказвае нязломнасць палешукоў. І вашая кніга «Полэшук/Полешук/Poleszuk 2.0», якая ўжо выдалася і павінна хутка быць і ў Беластоку, таксама нам нешта раскажа пра заканчэнне пэўнага этапу ў жыцці ці пра штосьці іншае?
Аляксей Дзікавіцкі: Дакладна так. Гэта трэцяя мая кніжка, яна – завяршэнне пэўнага этапу ў жыцці. У прынцыпе яна павінна быць больш таўсцейшай, таму што насамрэч матэрыялу было ўтрая болей, але неяк пакінуў я самае, што мне падалося, важнае ў гэты момант. Рэчы, якія пісаліся год ці два, ці тры таму ўжо падаліся мне не цікавыя самому сабе. І таму я іх адкінуў. Але гэта быў такі этап, скажам перадусім, што тычыўся майго ўнутранага развіцця, змагання з самім сабой, нейкага духоўнага росту. І я цешуся, што атрымалася, нягледзячы на вельмі складаны перыяд у прафесійнай кар’еры таксама, удалося не закінуць гэтую справу, не адкласці на нявызначаную будучыню, а сабраць сілы і выдаць гэтую кніжку. Тут вершы, напісаныя па-палеску, як і першыя мае дзве кніжкі, беларускім алфавітам у арыгінале, але ёсць транслітэрацыя на алфавіт украінскі, таму што з украінскага Палесся шмат у мяне чытачоў, яны вельмі чакалі і ім значна зручней чытаць з украінскім алфавітам, але ёсць таксама пераклад упершыню ўсіх гэтых вершаў на польскую мову. Яго зрабіла вядомая беластоцкая літаратарка Міра Лукша.
РР: На Беласточчыне ёсць свая падляшская гаворка. А Вы пішаце на палескай гаворцы. Ці зрабілі Вы ўжо параўнанне, наколькі гэтыя гаворкі супадаюць?
Аляксей Дзікавіцкі: Я не філолаг і цяжка мне рабіць нейкі навуковы аналіз гэтых гаворак. Яны, вядома, адрозніваюцца. Палескія гаворкі, палескія дыялекты, палеская мова яна ж не існуе як нешта такое, што мае нормы. Таму гістарычна склалася, што вёскі, калі разліваліся рэкі, былі моцныя балаты, вёскі былі часта ізаляваныя адна ад другой. Нават за 15 кіламетраў у суседняй вёсцы маглі іначай адно і тое ж слова вымаўляць. Таму гэтая разнастайнасць натуральная. У гэтым, мне падаецца, ёсць і пэўнае хараство.
Прэзентацыя зборніка “Полэшук/Полешук/Poleszuk 2.0” адбудзецца 14-га сакавіка ў Хабе “Новая Зямля”, ul.Sw.Rocha 5/32. Пачатак а 17-30.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя