BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Ластоўскі: Гісторыкам незалежнай Беларусі, Польшчы і Украіны варта трымацца разам

З 9-га па 11-е кастрычніка ў Аўгустове працаваў беларуска-польска-украінскі круглы стол гісторыкаў пад назвай “Гісторыя на службе публічнай”. Галоўным арганізатарам сустрэчы выступіў дзяржаўны Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага, які створаны пад наглядам Мінкультуры і спадчыны Польшчы для працы з народамі Усходняй Еўропы. З беларускага боку арганізатарам выступіў зарэгістраваны ў Польшчы сёлета Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з акадэмічным дырэктарам інстытуту Аляксеем Ластоўскім пра тое ці атрымаўся дыялог гісторыкаў на супольным круглым стале; колькі кропак бачання беларускай гісторыі існуе зараз; а таксама, як спрэчная гісторыя можа развязаць вайну і як тая ж гісторыя можа прымірыць:

– Гэты семінар быў арганізаваны Цэнтрам Мерашэўскага пры чынным удзеле Беларускага інстытуту публічнай гісторыі. Досыць шмат удзельнікаў чальцоў рады нашага інстытуту брала ўдзел у гэтым семінары, такое супольнае мерапрыемства, Адбываўся ён у Аўгустове. Гэта была мая ідэя выбраць гэта месца пакуль, паколькі яно знаходзіцца паміж Варшавай і Вільняй. Зараз гэта два асноўныя эміграцыйныя асяродкі беларусаў. Таму вырашана было сабрацца паміж, бо звычайна ўсе ездзяць у Варшаву ці Вільню.

Была абрана тэма гісторыі, публічнай гісторыі. Вялікая праблема, якім чынам не проста вывучаць гісторыю, а на якія прынцыпы абапірацца, але і тое, якім чынам яе прадстаўляць. Як даносіць да іншых нейкую лінію пра сваю гісторыю, сваю праўду пра гісторыю. Мы знаходзімся ў такой складанай сітуацыі, бо вялікі ціск на гісторыю робіць Расея, паколькі для яе гісторыя заўжды была абгрунтаваннем імперскай экспансіі. Калі захопліваліся новыя тэрыторыі, то тады гучаў лозунг пра вяртанне тых земляў, якія быццам калісьці налажылі Расеі.

Зараз мы маем сітуацыю, што многія беларускія гісторыкі апынуліся па-за межамі краіны, што ставіць сур’ёзныя пытанні. Для каго мы працуем? Хто наша аўдыторыя? Якім чынам нам даносіць нашы веды, нашы тэксты да іншых людзей? У тым ліку да тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Што можна для гэтага выкарыстоўваць. Трэцяя праблема – гэта тое, якім чынам прэзентаваць гісторыю Беларусі, як зацікавіць іншыя народы, іншыя грамадствы сваёй гісторыяй.

Семінар атрымаўся такім трохбаковым. Апроч польскага боку, дзе касцяк складалі арганізатары з цэнтра Мірашэўскага, і беларускага боку, дзе ў сваю чаргу касцяком былі з Беларускага інстытуту публічнай гісторыі. Таксама быў прадстаўлены і ўкраінскі бок. То бок гэта была такая супольная беларуска-украінска-польская сустрэча. Ёсць яшчэ такая відавочная праблема, асабліва пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Укаріну, якую падтрымалі ўлады Беларусі, адбылося такое істотнае пагаршэнне стасункаў паміж беларусамі і ўкраінцамі, паміж інтэлектуаламі і гісторыкамі ў тым ліку, праўда ў іншай ступені, чым у іншых дачыненнях.

Важна падтрымліваць беларуска-украінскі дыялог, размаўляць паміж сабой, каб разумець, якія ў нас ёсць супольныя праблемы, супольныя задачы. Магчыма трэба рабіць нейкія крокі і да супольных дзеянняў. Семінар, які адбываўся ва Аўгустове, стаў таксама яшчэ адной цэглай у выбудоўванні супольнага “дому”, а не “сцяны”, якая раздзяляе.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя