BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Стукін: Дапамагаем адчуць цуд на Раство

Да Раства крыху больш за месяц, а гарады Еўропы ўжо пачынаюць зіхацець агнямі і каляднымі ўпрыгожаннямі. Сталіцу Літвы Вільню ўжо ўпрыгожылі, калядную ялінку павінны запаліць ужо праз тыдзень – 29 лістапада.

Акрамя ўсяго гэтага ўжо пастаянным упрыгожаннем Вільні падчас розных святаў, у тым ліку і калядных, з’яўляецца беларускі тэатр жывых скульпур Statue GDS & VS, які заснаваў Аляксей Стукін. Сёння ён з’яўляецца нашым госцем і расказвае, як яго тэатр падрыхтаваўся да калядных святаў.

Аляксей Стукін

РР: Вы кіраўнік вельмі вядомага ў Вільні тэатра, які робіць настрой віленчукоў і асабліва тых, якія ходзяць па цэнтральных вуліцах.

Аляксей Стукін: Так, гэта інтэрактыўны тэатр, гэта тэатр, які працуе ў гарадскіх прасторах. Можна пашпацыраваць па горадзе і паглядзець, як ажываюць розныя героі.

РР: Як раз надыходзяць Каляды. Вы сапраўды ўпрыгожваеце сваім тэатрам Вільню. Што новага вы прыдумалі сёлета і што могуць пабачыць віленчукі, у тым ліку беларусы?

Аляксей Стукін: Так, у нас ёсць на зіму персанажы. Пакуль гэта тры героі, якіх можна сустрэць у Вільні, гэта Крампус, які ўжо пяты год жыве ў Вільні, ён зараз грае рок і паказвае фокусы. Ён вельмі падобны да Санты.

У мінулым годзе мы зрабілі на зіму тэставую версію скандынаўскага гнома. Гэта гном, які лятае ў паветры. Ён у чырвоным капелюшы і ў яго чырвоны плашч. Калі я начапіў на плашч літоўскі сцяг у Дзень незалежнасці Літвы ў мінулы годзе, то дзеці мне казалі, што я супер-герой Літва. Самога персанажа ўсе дзеці ведаюць, ён прадаецца ў кожнай краме.

І ў гэтым годзе будзе анёл Онтас. У мінулым годзе мы яго дапрацоўвалі, а працавалі з ім вельмі доўга. Мы яго рабілі амаль два гады. І вось на мінулым тыдні я яго патэсціў, мы паглядзелі, як рухаюцца крылы, як ён працуе, як камунікацыю зрабіць. Вырашылі ў нядзелю запусціць яго на праспект Гедыміна. Ёсць такая легенда, калі анёл спусціўся ў Вільню, лятаў над горадам, каб людзі маглі адчуць цуд на Раство.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя