Беларускае гістарычнае таварыства і неабыякавыя жыхары Беластока спрабуюць вырашыць праблему адсутнасці аплаты за арэнду зямлі для магіл заслужаных беларусаў. Яны знаходзяцца на праваслаўных могілках у Беластоку.

Пра магчымасці вырашэння праблемы і асобаў, пахаваных на могілках, распавядае краязнавец Аляксей Трубкін у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Пачнём з таго, што цяпер пачынаецца, калі можна так назваць, змаганне за магілы беларускіх дзеячаў. Што гэта за сітуацыя і як у Беластоку ўзнікла такая ініцыятыва?
– Можа быць, не зусім змаганне. Гэта хутчэй справа, якую трэба было вырашыць даўно. Сітуацыя паўтараецца кожны раз, калі з’яўляюцца паведамленні на могілках пра тое, што трэба заплаціць за арэнду. Калі гадоў 5–6 таму ў мяне, на жаль, не было часу, каб гэтым заняцца, бо былі іншыя грамадскія, больш важныя справы, хаця гэтая таксама вельмі важная, як я лічу, то цяпер прыйшоў час. Падчас апошніх Дзядоў я распавёў пра гэту праблему, і мне фактычна прапанавалі гэтым заняцца. Мы правялі першую сустрэчу, пасля — другую, і цяпер больш-менш вызначылі далейшую стратэгію вырашэння пытання. Мы будзем намагацца вырашыць гэтую праблему, бо яна сапраўды важная.
РР: Давайце нагадаем, што гэта за могілкі ў Беластоку?
– Гэта праваслаўныя могілкі Усіх Святых у Беластоку, найстарэйшыя праваслаўныя могілкі ў гэтым горадзе. Там пахаваны многія беларускія дзеячы. Калі ёсць родныя сем’і, якія клапоцяцца пра магілы і плацяць за арэнду, то праблемы няма. Але праблема ўзнікла з магіламі заслужаных беларусаў, у якіх не засталося родных. Пытанне аплаты арэнды месцаў трэба вырашаць.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі.
РР: Гаворка ідзе пра ўсе магілы ці пра нейкія канкрэтныя?
– Гаворка ідзе пра магілы Міколы Чарнецкага, Лявона Богуша, Сяргея Богуша і Кастуся Кіслага. Менавіта пра іх размова, бо так атрымалася, што ў іх не засталося родных.
РР: Чым адметныя гэтыя людзі?
– Гэта заходнебеларускія дзеячы, якія зрабілі значны ўнёсак у беларускую справу. Напрыклад, Кастусь Кіслы быў дырыжорам і адным з заснавальнікаў хору пры Таварыстве беларускай школы ў Беластоку, а таксама хору пры саборы Святога Мікалая. Ён быў актыўным удзельнікам беларускага руху ў Беластоку і ў эміграцыі. У час нямецкай акупацыі быў чальцом Беларускага камітэта. Баючыся наступстваў пасля прыходу савецкай улады, ён быў вымушаны з’ехаць. У эміграцыі працягваў культурную дзейнасць у Бельгіі і Злучаных Штатах.

Хор сабора св. Мікалая ў Беластоку, 1934? Пасярэдзінн Елізавета Кіслы, Кастусь Кіслы, а. Гушкевіч (пробашч), а. Пётр Гуткевіч, дыякан а. Павел Лысуха. Ніжэй А. Кіслы – дачка Галіна, праз адну асобу на права Яўгенія Кіслы.
– Сям’я Богушаў таксама заслугоўвае ўвагі. Лявон Богуш і Сяргей Богуш былі актыўнымі дзеячамі беларускага руху. Напрыклад, пра Сяргея Богуша вядома зусім мала. Я выпадкова даведаўся пра яго з некралогу ў газеце, якая выдавалася падчас нямецкай акупацыі, дзе было напісана, што ён быў змагаром за беларускую справу.

Беларускі хор, Беласток, 1943 г. Саліст хору Лявон Богуш другі з правага боку ў верхнім шэрагу.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:





Беларускае Радыё Рацыя






