Сенняшняя Госця Беларускага радыё Рацыя — артыстка, музыка, лідарка гурта Naka Анастасія Шпакоўская. Наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч гутарыць з ёй пра 20-годдзе гурта, уплыў эміграцыі на творчасць і новыя праекты.

РР: Давайце пачнем з таго, што я папрашу вас нагадаць пра ваш праект “Naka – акусцік”. Гэта будзе нешта новае ці гэта будзе новае гучанне вядомых, улюбёных песень Naka?
Анастасія Шпакоўская: Хутчэй за ўсё гэта новае гучанне гурта Naka, таму што ў нас быў такі сайт-праект “Накапіяна”, але ж мая клавішніца знаходзіцца ў Беларусі і вывозіць кожны раз яе вельмі рызыкоўна. Таму мы вырашылі зрабіць такую акустычную праграму з гітарыстам гурта Сяргеем Шчурко. Гэта гісторыя пра новае гучанне.
РР: Гэта будзе толькі ўдвая?
Анастасія Шпакоўская: Так, толькі ўдваіх.
РР: Калі вы закранулі гэтую тэму таго, што вывозіць музыку з Беларусі рызыкоўна, як наогул эміграцыя сказалася на творчасці? Ці стала цяжэй, ці наадварот – з’явіліся новыя магчымасці?
Анастасія Шпакоўская: Складанае пытанне, таму што мая эміграцыя доўжыцца ўжо больш за 4.5 гады. І за гэты перыяд былі розныя стадыі ўспрыняцця. Стадыі таго, што нічога не хацелася рабіць, стадыі таго, што хацелася рабіць шмат чаго. Я лічу, што зараз патрэбна распавядаць пра тое, што адбывыаецца цяпер.
Цяпер ёсць шмат думак, шмат ідэй. Мы вось з маім пераездам у Польшчу пачалі збірацца поўным складам гурта Naka, запісалі тры новыя песні. На дзве з іх ужо адснятыя кліпы, якія можна паглядзець на нашым ютуб-канале Naka-Мінск. На трэцюю песню на вершы Міхала Анемпадыстава вось бліжэйшым часам плануем здымаць кліп. Карацей, нейкі рух і нейкае натхненне, хаця і сумнае, але ўсё ж такі ёсць. І дзякуй Богу, што ёсць мажлівасці і людзі, якія гатовыя рухацца далей і побач. Таму перыяды ўсялякія былі, а зараз вось прыблізна так.
Анастасія заклікае сачыць за сацсеткамі гурта — там абавязкова з’явяцца абвестка, калі і як будзе адзначацца юбілей гурта.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






