BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Вап: Цэнтр Беларускай Культуры павінен быць прагрэсіўнай установай

У Беластоку нарэшце паўстане Цэнтр Беларускай Культуры. Прадстаўнікі беларускай меншасці звярнуліся да маршалка Падляшскага ваяводства з прапановай стварэння такога цэнтра, і той падтрымаў іх ідэю. Знайшоў сабе месца ў праекце бюджэту ваяводства на 2024 год і адпаведны рэзерв: 1,5 мільёны злотых будзе выдаткавана на самую дзейнасць цэнтра. Яшчэ 1,5 мільёны злотых пойдуць на падрыхтоўку будынка, у якім установа ўрэшце будзе працаваць.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка, пагутарыла з выконваючым абавязкі дырэктара Цэнтра беларускай культуры Анатолем Вапам пра тое, для вырашэння якіх праблем беларусаў на Падляшшы ствараўся цэнтр, якія накірункі дзейнасці стануць асноўнымі:

– Галоўнай задачай Цэнтру Беларускай Культуры будзе культурная інтэграцыя беларусаў на Беласточчыне, беларусаў Падляшша. Я маю на ўвазе беларускую меншасць, як і беларускую дыяспару, уцекачоў з Беларусі, якія цяпер жывуць і працуюць у нашым ваяводстве. Думаем супрацоўнічаць з усімі ўстановамі культуры, з няўрадавымі арганізацыямі, перадусім там, дзе жыве беларуская меншасць, дзе жыве беларуская дыяспара. Думаем не толькі пра Беласток, але і пра Бельск, Гайнаўку, невялікія асяродкі ў гмінах. Плануем, што гэта будзе штодзённая праца, будзем ладзіць розныя культурныя мерапрыемствы: фестывалі, канферэнцыі. Займацца выдавецкай дзейнасцю, выдаваць літаратуру на беларускай мове.

Поўную размову слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя