BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Вап: “Ніва” – гэта хроніка беларусаў Падляшша

Сёння, 30 студзеня, у Беластоку ў будынку ратушы адбудзецца вернісаж фотавыставы «Ніва.Фотаздымкі», прысвечаны 70-годдзю выхаду першага нумара тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Адным з арганізатараў выставы стаў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Пра падзею пагаворым з Госцем Рацыі – дырэктарам ЦБК Анатолем Вапам.

Анатоль Вап

РР: Якая ідэя выставы і калі з’явілася задума, каб яе зарганізаваць?

Анатоль Вап: Задума з’явілася адразу, як толькі паўстаў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. І мы пачалі размовы з праграмнай радай тыднёвіка “Ніва”, з галоўным рэдактарам Яўгенам Вапам. Роля, якую тыднёвік “Ніва” адыграў у жыцці, можна сказаць, кожнага беларуса Беласточчыны, а таскасама цэлага беларускага асяроддзя на Беласточчыне цяжка пераацаніць. З “Нівы”, можна сказаць, усё пачалося. У 50-х гадах пачынае стварацца беларускі рух, рыхтуецца напачатку 1956 года першы нумар “Нівы”, ёсць арганізацыйныя сходы, каб утварыць Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Гэта быў уздым у кожнай беларускай вёсцы, у кожным мястэчку, дзе жылі беларусы. І калі “Ніва”памацнела, і Беларускае грамадска-культуране таварыства паўстала – гэта ўсё мы маглі прачытаць, даведацца з “Нівы”. Гэта хроніка беларусаў Падляшша, дзе было ўсё апісана, усё паказана. І як можна забыць пра такую спадчыну? Гэта ўздым 50-х – 60-х гадоў, беларускі асяродак быў вельмі вялікі. У 60-х гадах на Беласточчыне было больш за 160 розных калектываў – музычных, фальклорных, тэатраў. “Ніва”, думаю, адыграла вялікую ролю. Літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” таксама паўстала, дзякуючы тыднёвіку “Ніва”. Увогуле, першая кніжака беластоцкіх аўтараў – гэта быў зборнік паэтычны “Рунь”. Гэта ўсё “Ніва”.

РР: Пяройдзем канкрэтна да выставы, хто з’яўляецца куратарам выставы і чаго чакаць яе наведвальнікам?

Анатоль Вап: Куратарам ёсць Павел Грэсь, які таксама прыдумаў канцэпцыю выставы. Фатаздымкі мы атрымалі ад праграмнай рады тыднёвіка “Ніва”. А рэалізаваў гэту выставу Цэнтр беларускай культуры і Падляшскі музей пад кіраўніцтвам куратара Паўла Грэся.

РР: У падрыхтоўку выставы ўключылася нават Польскае агенцтва друку.

Анатоль Вап: Так, трэба памятаць, што на старонках “Нівы” публікавалі тэксты знакамітыя не толькі журналісты, але і літаратары, а фатаздымкі былі самых знакамітых фатографаў. “Ніва” супрацоўнічала з Польскім агенцтвам друку і таму гэта натуральна, што яно ўзяло патранат.

РР: У цэнтры горада, у ратушы, здаецца, такой беларускай выставы яшчэ не было.

Анатоль Вап: Не было. І калі ёсць 70-я ўгодкі такіх важных падзей, я думаю, што гэта не толькі для беларускага асяроддзя, але ўвогуле для беластоцкай журналістыкі, для беластоцкай культуры вельмі важная падзея. І дзе гэта можна было зрабіць, як не ў беластоцкай ратушы, у Падляшскім ваяводскім музей – найвялікшым музеі ў нашым рэгіёне?   

РР: Як доўга можна будзе наведваць гэтую выставу?

Анатоль Вап: Выстава будзе працаваць доўга – да 26 красавіка. У студзені пачынаем, можна сказаць, святкаваць 70-я ўгодкі, калі выйшаў першы нумар “Нівы”. Бо хоць першы нумар выйшаў 4-га сакавіка, але першы нумар быў падрыхтаваны ўжо 11-га лютага, які не патрапіў у продаж. Пасля былі яшчэ тры падрыхтаваныя нумары, так званыя, “нулявыя”, якія таксама не былі ў продажы. І нарэшце 4-га сакавіка можна было ўжо набыць у вёсках першы нумар “Нівы”. І думаю, з той пары яна карысталася вялікай папулярнасцю сярод беларусаў. Я памятаю, калі ездзіў да дзядоў у вёску, то ў кожнай хаце была “Ніва”.

РР: То ўжо напэўна, у кожнай хаце быў і каляндар “Нівы”.

Анатоль Вап: Тады, думаю, у кожнай вёсцы была і “Ніва”, і каляндар “Нівы”. Таксама яна папулярная была і ў гарадах.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя