Анхела Эспіноса-Руіс – гішпанская маладая паэтка і даследчыца беларускай літаратуры. Нарадзілася 6 лютага 1993 года ў горадзе Малага, Гішпанія.

Скончыла ў 2011 годзе школу з гуманітарным профілем (з лацінскай і старагрэцкай мовамі) і музычную школу. Завершыла навучанне па спецыяльнасці “Славянская філалогія” ва ўніверсітэце ў Гранадзе ў 2015 годзе. З’яўляецца магістранткай кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
Лаўрэатка журналісцкай прэміі «Беларусь у фокусе» (2011).
У 2015 годзе апублікавала першы зборнік вершаў на беларускай мове «Раяль ля мора» ў Мінску і электронны зборнік «Памяць пра будучыню». Вершы друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў» і газеце «Наша Ніва».
Яе намаганнямі на гішпанскую мову былі перакладзеныя вершы Максіма Багдановіча.
У верасні 2019 года яна паспяхова абараніла першую ў Гішпаніі дысертацыю па беларускай літаратуры ва ўніверсітэце Камплютэнсе ў Мадрыдзе. У даследаванні праведзеныя паралелі паміж прозай Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бекера.
У 2019 годзе атрымала прэмію імя Міхася Стральцова «За пачуццёвае мэтафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таямніцу беларускага быцьця».
У тым жа годзе спадарыня Анхела прыняла ўдзел у Восьмым міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які праходзіў у Вільні. На ім яна засяродзілася на параўнанні гішпанскай і беларускай літаратур ХХ стагоддзя.
«Астралябія божых таямніц» — так называецца новы зборнік вершаў і паэм Анхелы Эспіносы-Руіс, які пабачыў свет у 2024 годзе ў выдавецтве Kamunikat. Гэта ўжо пятая кніга беларускай паэткі гішпанскага паходжання.
З восені 2021 года доктарка Анхела Эспіноса-Руіс, маючы вучоную ступень кандыдата літаратуразнаўства, займае пасаду дацэнта кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Беларускае Радыё Рацыя часта прысутнічала на мерапрыемствах з удзелам Анхэлы, запісвала літаратурныя перадачы і рэпартажы. Анхела Эспіноса-Руіс ніколі не адмаўлялася і неаднаразова давала інтэрв’ю нашаму радыё.
Гутарку з ёй, якая была запісаная 5 год таму Юркам Ляшчынскім, слухайце ў далучаным файле:
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя






