BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Казакевіч: У выгнанні гісторыкі мусяць інтэгравацца ў акадэмічнае асяроддзе

Беларускія гісторыкі-навукоўцы ў выгнанні робяць вялікія намаганні, каб захаваць гістарычную даследчую супольнасць на карысць будучай вольнай Беларусі. Пра тое, якія намаганні для гэтага робяць навукоўцы ў нялёгкіх абставінах эміграцыі, пра сувязь з навуковым асяродкам у самой Беларусі мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера», доктарам палітычных навук Андрэем Казакевічам:

РР: Ці змяняецца тэматыка і метады даследвання ў гісторыкаў у выгнанні?

Ведама, гэта непазбежна. Адбываюцца змяшчэнні фокусу, бо ў выгнанні гісторыкі мусяць інтэгравацца ў акадэмічнае асяроддзе краіны. І яны мусяць улічваць тое, што ёсць важным для гэтых краін. Напрыклад, калі чалавек прыязджае ў Польшчу, ён мусіць інтэграваць сваю беларускую праблематыку ў тое, што зразумелае польскім навукоўцам. І калі ён займаўся пасляваеннаю Беларуссю, то яму лагічна перайсці ў міжнавенны перыяд і займацца заходняй Беларуссю, бо гэта ўпісавецца ў даследчыя праграмы Польшчы.

Калі ты прыязджаеш у Нямеччыну, то значна прасцей знайсці фінансаванне, калі пачнеш займацца Халакостам альбо Другой усясветнай вайной. Хаця ў Беларусі на гэта даследчыя гранты знайсці вельмі складана. Менавіта даследчыя — не прапагандысцкія, не ідэалагічныя. І тыя людзі, што займаюцца чымсьці іншым, могуць пераходзіць да гэтых тэмаў.

Тут ёсць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя фактары, што прымушаюць чалавека мяняцца. Ну і акрамя гэтага ён пачынае камунікаваць больш з замежнымі даследчыкамі, атрымліваць ад іх ідэі, рэкамендацыі, і ў выніку пісаць, не так, ведама, як ён пісаў бы ў Беларусі.

Тут ёсць і пазітыўны момант, што можа быць узбагачэнне ягонага досведу, ягоных магчымасцяў аналізаваць беларускую гісторыю. Але і таксама ёсць негатыўныя наступствы, перш за ўсё звязаныя з тым, што людзі пачынаюць адыходзіць ад беларускай праблематыкі. Бо часам прасцей пачаць займацца нямецкай, польскай, еўрапейскай гісторыяй, чым знайсці магчымасці, фінансавыя сродкі, каб працягнуць даследванні пра Беларусь.

Асобныя праблемы — доступ да крыніцаў. Калі ты працаваў з беларускімі архівамі, і гэта была аснова тваёй даследчай праграмы, цяпер ты не можаш гэтага рабіць, гэта таксама прымушае цябе перайсці на польскія, літоўскія, нямецкія архівы, а гэта ўжо можа быць іншы гістарычны перыяд, іншыя сюжэты.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Наш госць, дырэктар інстытута «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч шмат робіць высілкаў ў распрацоўцы механізмаў для захавання і развіцця вынікаў гістарычных даследаванняў, а таксама для захавання навуковай эліты ў сферы гісторыі ў замежжы.

Беларускае Радыё Рацыя