Беларус Андрэй Масквін – загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, прафесар, доктар навук, удзельнік Pradmovyy – 24, госць Беларускага Радыё Рацыя.

Мы вырашылі пагаварыць з нашым славутым земляком пра яго творчасць і жыццёвыя погляды.
РР: Якія з сваіх кніг, што вы напісалі, лічыце найважнейшымі для Беларусі?
– Першая кніга, – гэта «Беларускі тэатр 1920-1930», гэта рэканструкцыя дзейнасці трох нацыянальных тэатраў. Другая кніжка пра часопісы беларускай эміграцыі. Ёсць першая частка, бо цяпер я пішу другую, якая прысвечана кнігам, выдадзеным пасля 1945 года, галоўным чынам у Аўстрыі і Германіі.
– Трэцяя кніга — гэта пра беларускую літаратуру ХХ стагоддзя. У ёй разглядаюцца дыскусіі вакол еўрапеізацыі беларускай літаратуры на старонках “Нашай Нівы” і заканчваецца аналізам рэпрэсій, зменаў у школьнай адукацыі і ўніверсітэцкіх праграмах па беларускай літаратуры. Гэта апісваецца на працягу 20 гадоў, пачынаючы з 2003 года, калі Міністэрства інфармацыі разам з Міністэрствам адукацыі пачалі змяняць праграмы. І гэтая сітуацыя працягваецца да сёння.
РР: Вы таксама напісалі кнігу пра беларускі тэатр 20–30-х гадоў ХХ стагоддзя. Якая была мэта гэтай працы?
– Першая мэта — рэканструкцыя таго, што было, бо існуючыя падручнікі, напрыклад, працы супрацоўнікаў Акадэміі навук і Няфёда, былі зроблены непрафесійна. На маю думку, Няфёд не быў тэатразнаўцам. Ён займаўся гэтай тэмай, але не з’яўляўся экспертам. Маёй мэтай было дакладна рэканструяваць усе галоўныя спектаклі. Матэрыялаў было няшмат, але тое, што я знайшоў, было дастаткова для стварэння першай рэканструкцыі.
– Асноўная ўвага нададзена:
- Першаму беларускаму тэатру ў Мінску.
- Беларускім тэатрам у Віцебску (заснаваным у 1926 годзе).
- Успамінам людзей, якія працавалі з Галубком і ў трэцяй трупе, якая пасля 1926 года стала вядомай як другая.
РР: Ці можна сказаць, што вы вярнулі імёны людзей, якія былі забытыя?
– Рэпрэсіі адносна тэатра былі меншымі, чым у іншых сферах. Але поўная карціна не была паказана. У падручніках не паказана роля тэатру 20-х гадоў, калі адбывалася беларусізацыя.
– З 1922 па 1928 гады была афіцыйная беларусізацыя, і ўсе гэтыя спектаклі паказаны ў кніжцы «Гісторыя беларускага тэатру» як нецікавыя, няважныя, ці зусім незгаданыя. А тут трэба было вярнуць памяць пра людзей, актораў, рэжысёраў, творцаў, якія стваралі вельмі важнае для беларускай культуры мастацтва.
РР: Як вы ацэньваеце сітуацыю з беларускім тэатрам сёння?
– Сітуацыя крытычная. Асабліва ў тэатры Янкі Купалы. Туды прыходзяць акцёры з Расеі, якія вывучаюць беларускую мову, але іх ровень гры не заўсёды адпавядае патрабаванням. Мы апынуліся нейкім чынам у 90-ых гадах, тады было таксама цяжка – не было грошай, не было філасофіі, у якім напрамку рухацца.
– Многія сучасныя спектаклі лёгкія, камедыйныя, што робіцца для прыцягнення публікі. Тэатр беларускай драматургіі раней даваў надзею, але там таксама звольнілі частку акцёраў, і не ўсе спектаклі адбываюцца. У правінцыйных тэатрах, як у Берасці, сітуацыя лепшая. Там працягвае існаваць фестываль “Белая Вежа”. Гэта выдатна, і такія праекты павінны жыць і развівацца.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З нашым госцем прафесарам, доктарам навук, загадчыкам кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Андрэем Масквіным размаўляла карэспандэнтка Беларускага Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






