
Паэт, педагог і патрыёт сваёй зямлі Андрэй Сцепанюк, якраз калі адзначаўся Сусветны дзень пісьменніка, стаў героем чарговай нашай праграмы “Мы бачым”. З ім пагутарыла журналістка Аліна Андрыевіч.
РР: Як вы прышлі да паэзіі і хто з паэтаў беларускіх ці сусветных паўплываў на ваша станаўленне?
Андрэй Сцепанюк: Калі жывеш у Польшчы, то, зразумела, у школьныя гады, а я пачаў пісаць, калі быў яшчэ вучнем беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім. Першыя вершы пачаў пісаць на польскай мове, бо ўсё ж польскае атачэнне на гэта паўплывала. Але мы, калі вучыліся ў ліцэі, шукалі свае тоеснасці, зразумела. Можа, менш гэта падтрымлівала школа, а больш мы самі таго шукалі. Асабліва што гэта быў цікавы перыяд, гэта быў пачатак 80-х гадоў, рэвалюцыя пачыналася Салідарнасці. І мы ў сваім беларускім ліцэі залажылі беларускі гурток. Ён называўся «Разбуджаны голас». І тады пачалі паўставаць беларускія ўжо вершы. І яны паяўляліся на сцяне ў школе, мы мелі сваё такое месца.
І калі я ўжо пачаў пісаць па-беларуску, я ўжо не ўяўляў сабе, што магу пісаць па-іншаму. Ну калі патрэбны нейкія вершыкі – прысвячэнні, то магу напісаць і на польскай мове. Але ўсё ж такі з гэтай пары ўсё пісалася па-беларуску і думалася па-беларуску, бо да таго, каб напісаць, то трэба думаць таксама. А потым я не скажу, што я пісаў многа, дзесьці паявіліся мае вершы ў такіх супольных зборніках – літаб´яднання «Белавежа». «Мае песні Табе дару» – такі зборнічак маладых паэтаў выйшаў. Бо першы мой зборнік выйшаў вельмі позна, ён паявіўся ў 2016 годзе, першы. А другі з’явіўся ў 2023-м. Так што дзесьці гэтыя вершы ўсё ж такі трываюць.
А цяпер у супрацы з Радыё Рацыя рыхтую аўтарскую праграму «Паэтычныя роздумы», у “Ніве» ужо пяць гадоў пішу такі цыкл, панад 100 адрэзкаў ужо было “Вершачытальняў”, дзе карыстаю свае роздумы, у нейкі спосаб стараюся падтрымаць беларускай літаратурай. А паўплываў, самі ведаеце хто – Багдановіч, бо Багдановіча трэба чытаць, гэта таксама Купала, бо іх проста трэба чытаць.
Я цяпер больш чытаю тых сучасных паэтаў ці пісьменнікаў. І я маю вялікі гонар іх ведаць цяпер. Для мяне такі дасканалы паэт і пісьменнік – гэта Уладзімір Някляеў, з якім я убачыўся апошні раз не так даўно: на фестывалі беларускай паэзіі «Вершы на асфальце». Вельмі люблю з маладых паэтаў Насту Кудасаву, я яе вельмі люблю чытаць. Я, зразумела, чытаў і чытаю тых беларускіх аўтараў, што пішуць у Польшчы з літаратурнага аб´яднання. Калі глядзець у гісторыю, то, зразумела, Ян Чыквін. Цяпер выйшаў яго знакаміты зборнік пасмяротны, які падрыхтавала Галіна Тварановіч. Вельмі добрыя вершы, вельмі добра зрэшты зрэдагаваны гэты зборнік. Люблю чытаць тых, што ўжо адыйшлі: Міхась Шаховіч, наш паэт, беластоцкі. Чытаю Алеся Барскага, бо гэта ўжо наша класіка. Такіх зборнікаў не асабліва многа цяпер, калі пачалася барацьба з беларускасцю ў Беларусі.
З прыемнасцю стараюся дайсці і да «Апострафа», хаця я вялікі прыхільнік «Дзеяслова», але, на шчасце, «Апостраф» працягвае ж тую працу. Пахвалюся, у бліжэйшых нумарах таксама будуць мае вершы, і я з таго вельмі цешуся. Стараюся чытаць вельмі многа. Я сёння не маю ўжо грошай, каб купіць новыя кніжкі. Запасаюся сродкамі на беларускі літаратурны фестываль, бо тут штосьці такое дасканалае, каб папоўніць хатнія паліцы з кнігамі. Ёсць выдавецтвы, ёсць аўтары, з якімі можна паразмаўляць. Я вельмі цешуся, што чарговы раз прыняў удзел у «Вершах на асфальце», мінулым разам я быў на такім фестывалі ў 2018 годзе ў Менску. Быў у галерэі «Тут бай», кавярні «Грай». Там было мноства маладых людзей, якія прыйшлі слухаць гэтыя чытанні, бралі кніжкі, мае кніжкі бралі там, я іх падпісваў. Я быў тым уражаны, і здавалася, што ўсё будзе добра, але ўсё пайшло не туды, не ў тым напрамку, у якім павінна было ісці.
РР: Здарылася так, як здарылася. У вашых вершах часта гучыць тэма Падляшша, яго прыроды, любоў да малой радзімы. Што для вас з´яўляецца галоўнай крыніцай натхнення сёння?
Андрэй Сцепанюк: Ведаеце, Падляшша будзе заўсёды, бо гэта мая зямля. Я поўнасцю жыву тут і вярнуўся пасля навукі ў Варшаве. Можа, тады былі іншыя часы і не так было проста з´ехаць адсюль, з Падляшша, але гэта быў свядомы выбар. Трэба было вяртацца і рабіць наша беларускае адраджэнне. Быў вельмі цікавы перыяд: 80-я – 90-я гады, калі беларусы Падляшша паднялі галовы, пайшлі ў палітыку, я быў восем гадоў бургамістрам, выйшаўшы з Беларускага выбарчага камітэту – так ён называўся. Потым стаў называцца Кааліцыя Бельска, а мы былі прадстаўнікамі Беларускага выбарчага камітэту. Я прымаў удзел у тых выбарах напалову дэмакратычных, калі Сакрат Яновіч, Яўген Мірановіч балаціраваліся ў Сейм, а потым ужо больш ужо ў самакіраванні прымаў удзел у тых жа структурах, бо гэта нашае, мы тут хацелі паказаць сваю прысутнасць. І гэта таксама адбіваецца ў паэзіі. Бо чым ёсць паэзія? Калі чалавек піша і не перажывае таго ўнутрана, то ён піша фальшыва. А для мяне ў паэзіі патрэбна ўсё ж такі праўда. Такая можа не заўсёды прыемная, якую людзі хочуць прымаць, але проста яна патрэбная, асабліва ў паэзіі, бо паэзія павінна быць шчырай.
РР: вы амаль дваццаць гадоў былі дырэктарам ліцэя з беларускай мовай навучання. Што для вас асабіста значыць гэта школа?
Андрэй Сцепанюк: Гэта мая школа. Па-першае, я яе закончыў. Я вучыўся ў пачатковай школе №3, дзе таксама выкладалася беларуская мова, потым вучыўся ў ліцэі, а потым пасля Варшаўскага ўніверсітэта стаў настаўнікам у тым ліцэі. А потым так здарылася, што стаў першым выпускніком-дырэктарам гэтага ліцэя, першым у гісторыі. Ведаеце, толькі каб усе дасканала зразумелі, там, калі я ўжо прыйшоў, беларуская мова выкладалася як прадмет, а ўсё астатняе на польскай мове. Да 70-х гадоў усё было на беларускай мове. Потым так захацелі бацькі, бо цяжка было з беларускамоўным навучаннем паступаць у польскія ВНУ. Ехалі вучыцца ў Беларусь, але там дамінавала расейская мова. І гэта мой ліцэй, я там дваццаць гадоў быў дырэктарам. Я перажываю, што апошнімі гадамі там робіцца адыход ад беларускага. Погляд, што беларускасць не патрэбная, паланізацыя ідзе поўная. Я між іншым і адыйшоў, бо не мог глядзець, што так адбываецца, я з тым не згаджаўся. Бо ў гэтым ліцэі усе вучні вучылі беларускую мову. Цяпер, па ўсіх такіх непрыемных здарэннях, беларуская мова толькі для ахвотных. Хто хоча, той вучыцца, а хто не, то не. Для мяне гэта ўпадак ліцэя.
РР: Як цяпер удаецца захоўваць выкладанне на беларускай мове і зацікаўліваць моладзь да беларускай мовы?
Андрэй Сцепанюк: Гэта даволі цяжкі працэс. Напэўна, ёсць і такія бацькі, якія хочуць, каб дзеці жылі ў беларускай прасторы. Але таксама вельмі важную ролю адыгрываў узровень навучання ў тым ліцэі. Гэты ліцэй быў вельмі добрым, што ведалі ва ўсё Польшчы. Бо былі такія вучні, якія ішлі ў ліцэй з-за высокай якасці навучання і таксама вучылі беларускую мову. У ліцэі быў вельмі высокі ўзровень навучання. І гэтую атмасферу, якую я таксама стараўся стварыць, з вялікай прыемнасцю ўспамінаюць выпускнікі пры сустрэчы са мною, яны кажуць, што гэта была іх школа, і што яны там адчувалі сябе добра. Не заўсёды ўдаецца ў школе адчуваць сябе добра. А яны самі гавораць, што ў школе адчувалі сябе добра. І гэта быў мой рэцэпт на тых дваццаць гадоў...
Поўнасцю перадачу слухайце тут:






