На Падляшшы адбыўся першы дзень фестывалю «Тутака». Адной з цэнтральных пляцовак стала лакацыя Беластоцкага Музычнага Клубу. Тут разгарнуліся выступы ўжо мясцовых артыстаў і вольная сцэна. Пра ініцыятыву і навінку на імпрэзе сённяшні Госць Рацыі, заснавальнік Клубу Антон Сіроцін распавёў нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.
РР: Фэст „Тутака“, што разгортваецца пад Беластокам. Наколькі ён адчуваецца як ваш, беластоцкі?
— Сёлета, з улікам таго, што мы зладзілі сваю сцэну, то я адчуваю асаблівую адказнасць за тое, што тут адбываеца. Па-першае, за тое, што адбываецца на маёй сцэне, па-другое, наогул за ўвесь фэст. То бок маю нейкі „ownership“, і нейкае адчуванне сваёй прыватнай адказнасці. Таму так, нейкім бокам гэта беластоцкі фэст, што прысвечаны ўсёй дзейнасці беларусаў, што ажыццяўляюць за мяжой.
РР: Вы, як Курвадзікі, выступалі яшчэ і на леташнім фэсце „Тутака“. Што памятаеш?
— Добрае пытанне. Троху памятаю. Помню, як амаль разламалі сцэну на Дзецюках. Помню, як мы прэзентавалі песню „Званы“. Помню, як мы спявалі яе на намётавым поле разам, акапельна, з кучай нейкіх незнаёмых мне на той момант людзей. І сёлета я прыязджаю і бачу гэтых людзей, яны мяне пазнаюць „О, гэта ж мы з табою спявалі гэтую песню. А вы калі будзеце спяваць?“. А я кажу „Мы сёлета, на сцэнах, ні на вялікай, ні на малой не будзем граць, але прыходзьце на сцэну БМК — тут усё пачуеце“.
РР: Як з’явілася ідэя зрабіць сваю сцэну?
— Гэта не было нейкім вырашэннем. Гэта была патрэба. Бо „Тутака“ — не музычны фестываль. Гэта нешта велізарнае, аб’ёмная рэч. Але хацелася і прадставіць і музыку. Ідэя з’явілася „на каленцы“, разам з Паўлам абмеркавалі, вырашылі, што чаму не, калі мы прывозім музыкаў і робім пляцоўку. Бо галоўнае ў гэтай пляцоўцы гэта тое, што кожны чалавек можа прыйсці, паспяваць, пабыць бубначом ды кім заўгодна. Мы прывезлі інструменты, увесь „stuff“. Можна проста падыходзіць і граць. Гэта асноўная ідэя. І, безумоўна, мы прэзентуем беластоцкіх музыкаў.
РР: Каго менавіта?
— Па-першае, усе рэзідэнты Беластоцкага музычнага клубу. Бізон, Вожык Палынскі, Дзядзенька, Каця Ваданосава, Курвадзікі. Яшчэ прыедзе „Крама“ — паменшаным складам, але прыедзе. Яны цяпер ездзяць па Еўропе, мы іх запрасілі да нас і яны з задавальненнем прыедуць і сюды на нашую пляцоўку, і потым яшчэ будуць у Beer4U, беларускім пабе ў Беластоку, граць у нядзелю. Гэта вялікі гонар для нас.
Частка актыўнасцяў на пляцоўцы Беластоцкага Музычнага Клубу пройдзе на фэсце «Тутака» і ў суботу, 13-га чэрвеня. На ёй выступяць Кацярына Ваданосава, Ігар Палынскі, гурт «Kurwadziki» і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя