Антось Радзівонаў – беларускі мастак, які цяпер жыве ў Варшаве. Тут ён працягвае займацца творчасцю, удзельнічаць у міжнародных падзеях і развівацца з іншых бакоў. Пра свой лёс у эміграцыі і стаўленне да Вялікадня дзеяч распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Што для цябе Вялікдзень?
Антось Радзівонаў: Я сам па веравызнанні праваслаўны. Раней, калі ў мяне ў сям’і было ўсе нармальна, мама была жывая, мы хадзілі ў гэты дзень у царкву. Штосьці ува мне зараз памянялася, і шчыра я не хаджу нікуды. І я віншую ўсіх людзей, у каго свята, але для мяне гэта дзень, калі людзі святкуюць сваё свята рэлігійнае. Напрыклад, у гэтую нядзелю каталікі святкуюць, праз тыдзень – праваслаўныя. У мяне жыццё ідзе, як ідзе, і ўсё.
РР: Пры гэтым ты не адчуваеш, што Польшча больш рэлігійная за Беларусь?
Антось Радзівонаў: Канешне, гэта бачна. І шмат у чым. Я лічу, што гэта добра. Некаторым наадварот гэта не падабаецца. У іх традыцыя ёсць, што ў нас было знішчана па шмат якіх прычынах. І гэта не толькі камуністы зрабілі, спачатку гэта зрабіла Расейская імперыя, перавяла ўсіх з уніятаў у РПЦ, а потым ужо й камуністы прыйшлі.
РР: Што датычна ўсіх аспектаў эміграцыйнага жыцця, наколькі ты ў Польшчы месцамі сябе адчуваеш, як у Беларусі?
Антось Радзівонаў: Дома, калі працую. У мяне, па-першае, сям’я, па-другое, у мяне сяброў шмат беларусаў, шмат украінцаў сяброў. Бывае, каб адчуць, што ты ў Польшчы, трэба выехаць дзесьці ў цэнтр і, ну так, я ў Варшаве.
РР: Што датычна тэм мастацтва, у якіх ты працуеш, то тут змяніліся нейкія акцэнты для цябе?
Антось Радзівонаў: Зараз я працую канкрэтна над тым, што мяне кранае. Зараз я карабель пішу – вялікую карціну з караблём. Да гэтага таксама карціну з караблём зрабіў – «Час, калі на Балтыцы жылі цмокі». Гэта новая праца, я яе скончыў у верасні мінулага года. І зараз таксама з гэтай серыі карабель. Караблі ў мяне са сцягамі – на тым караблі гэта як сімвал Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзіла і Украіна, і Беларусь, і Польшча, і Літва. Зараз я раблю карціну канкрэтна са сцягамі Польшчы, хачу назваць яе “Польскае мора”.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






