Пачнем «Арт-агляд» з разгляду новага альбому Лявона Вольскага пад назвай «Лісты палітвязням».

Сам музычна-паэтычны прадукт выйшаў у канцы 2023 году, а таму пакуль яшчэ мала аналізаваўся.
Як і ў папярэднім – восеньскім – альбоме Лявона Вольскага «Эмігранты», зборнік «Лісты палітвязням» мае не столькі музычнае, колькі сэнсавае значэнне. А таксама настрой.
Не гледзячы, што тэматыка альбому – пра расстанне, Лявон імкнецца зрабіць песні цёплымі і ўтульнымі. Роспачы хапае і без музыканта. Ужо чацверты год мы чытаем пра здзекі лукашэнкаўскіх катаў з узятых у палон беларусаў.
Таму «Лісты палітвязням» ад Лявона Вольскага – гэта свайго кшталту псіхалагічная дапамога.
Бо тое, што адбываецца ў Беларусі – гэта тэрор. А тэрор мае на мэце пасеяць паняверку ў як мага большай колькасці людзей.
За кратамі знаходзіцца адзін чалавек, але разам з ім пакутуюць і блізкія, і сябры, і аднадумцы. Бо кожны «палітычны» там – наш: людзей, якія хто як мог супрацьстаяў і супрацьстаіць сістэме беззаконня.
Цяпер некалькі абвестак пра культурніцкія мерапрыемствы.
У Варшаве 6 студзеня ў бары «Scena Chmielna» выступае гурт ATESTА, а 7 студзеня – Зміцер Вайцюшкевіч. Усё да свята Раства па старым календары.
6 студзеня ў грузінскай сталіцы Тбілісі а 21-й гадзіне ў Philosof Club распачнуцца беларускія «Калядкі».
6 студзеня ў грузінскім Батумі адбудзецца праграма «Цуд на Каляды» ад Аляксандра Памідорава. Далёкі экзатычны горад Батумі ўсё яшчэ ўваходзіць у топ гарадоў беларускіх дыяспар. Пасля выступу Памідорава наведнікаў чакае варушняк у выглядзе гульняў ад каляднага Дзеда, ён жа святы Мікалай, тэатралізаванае відовішча з удзелам Спеўнага Сходу, музычны сюрпрыз ад рэпера Вожыка і калядны кірмаш.
Студыя «Купалінка», створаная ў Варшаве ў 2020 годзе з беларускіх эмігрантаў, запрашае ўсіх ахвотных на калядны спектакль па п’есе Сяргея Кавалёва «Шлях да Бэтлеему», які адбудзецца 7 студзеня а 13 гадзіне ў касцёле св. Аляксандра, што знаходзіцца на pl.Trzech Krzyży, у залі Яна Паўла ІІ (ніжні касцёл).
У цэнтры Варшавы ў Беларускай прасторы «Робім разам» прайшоў сумесны кінапрагляд дакументальнага фільму Вольгі Воранавай «Міраслаў Лазоўскі. Лёс героя». Фільм пра беларуса, які паклаў на алтар свабоды сваё жыццё.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя