
13 студзеня гарадзенскі Музей гісторыі рэлігіі запрашае на экскурсію, прысвечаную італьянскім уплывам на гісторыю Гародні. Мерапрыемства пачнецца з куратарскай экскурсіі па музейнай выставе «Італія далёкая і блізкая», на якой прэзентаваныя беларуска-італьянскія сувязі і іх уплыў на беларускую культуру.
Пасля прапануецца экспазіцыя пра ўклад святога Францішка Асізскага з Італіі ў беларускую культуру.
У другой частцы – наведванне касцёлу Панны Марыі Анёльскай, які размешчаны на тэрыторыі былога францішканскага кляштара.
Ад сябе дадам, што часта нам падаецца, што апроч тэрору ў Беларусі нічога не адбываецца.
Насамрэч, мы часткова апынуліся ў сітуацыі позняга СССР, калі ў музеях, майстэрнях і галерэях адбываліся сур’ёзныя нацыя- і грамадска- творчыя працэсы.
______________________
А вось на мінулым тыдні мы дазналіся, што з Браслаўскага музею традыцыйнай культуры звольнілі сем работнікаў. Тых самых, што перад Новым Годам затрымлівалі, і некаторыя з якіх атрымалі адміністратыўныя пакаранні за прыдуманыя ўладамі правіны. То бок, людзі спазналі палітычна матываваны пераслед.
Сярод затрыманых, а цяпер і звольненых, Элеанора і Валер Зянкевічы. Мы бачым той самы выпадак калі рэпрэсавалі не проста супрацоўнікаў, а фактычна стваральнікаў у сучасным выглядзе музею. Важна, што па-за музеем Зянкевічы шмат гадоў у летні сезон ладзілі грамадскія актыўнасці, звязаныя з археалогіяй і бытавой культурай продкаў беларусаў.
______________________
«Clausa fores» – новы спектакль аднаго з найяскравых сучасных беларускіх рэжысёраў – Юрыя Дзівакова – будзе дэманстравацца 25 і 26 студзеня на сцэне Тэатральнага інстытуту ў Варшаве.
Пастаноўка пра сутнасць тыраніі, якая прагучала напрыканцы 2023 года ў межах тэатральнага фестывалю BLISKI WSCHÓD у Любліне, сталася бенефісам для Аляксандра Казела – актора-купалаўца, які ўвасобіў у незвычайным шоу «чалавека, які валодае неабмежаванай уладай».
______________________
У Варшаве 13 студзеня ў прасторы «Beer Station Praga» танчаць беларускія традыцыйныя танцы пад жывую музыку!
______________________
Яшчэ пра традыцыю – 14 студзеня ў Варшаве грае «Hajda Banda»!
«Hajda Banda/Гайда Банда» – польска-беларускі гурт, які выконвае традыцыйны танцавальны і вакальны рэпертуар з Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся.
______________________
«Хобіт» па-беларуску ў Беластоку.
13 студзеня загаворыць па-беларуску і Більба Бэгінс! У Беластоку новы кінасеанс на роднай мове. Глядзяць «Хобіт»: Нечаканая вандроўка» у прафесійным шматгалосым закадравым перакладзе ад «Кінаконга»!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






