BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арт-агляд

Троху цяпла і сонца вам дорыць на адлегласці беларускі рэпер Дзіма Вожык з грузінскага гораду Батумі. 21 студзеня там адбудзецца незвычайнае шоу, якое ўсе ахвотныя пазней змогуць паглядзець на ютубе. Дзіма нарадзіўся ў адзін дзень з Альфам з аднайменнага серыялу, слова Вожыку:

«1986 год. На свет з’явіўся Альф. Яму было 226 гадоў. І ягоная планета Мэлмак была знішчаная праз ядраваю вайну. Вясёлы малец з пакручастым лёсам.

Амаль у той самы самы час – 22 студзеня ў Сенненскай радзільні – з’явіўся пульхненькі дзяцёнак, якому праз дзевятнаццаць гадоў прыдумалі мянушку Вожык. І, ня гледзячы на складаную гісторыю свайго жыцця, ён таксама як і Альф не маркоціцца, і любыя праблемы ператварае на жарты.

Нясмешная гісторыя пра двух смешных мальцаў. З Мэлмака і з Сянна.

Запрашаю вас на мой монаспектакль «Жыў-быў Вожык».

____________________

Беларусы і за мяжой верныя традыцыі завяршаць калядна-навагоднія напалову вакацыі бліжэй да канца студзеня. Цытата з абвесткі:

«Пост-ёлачны, пос-аліўешны Георгій Дабро будзе ірваць вашыя сэрцайкі незабыўнай праграмай «Навагодні міраж».

У нядзелю 21 студзеня ў пабе Beer Station на вуліцы Львоўскай у Варшаве свой постнавагодні канцэрт дае самы шчыры альтэр-эга вялікага і прыўкраснага Сяргея Пукста – Георгій Дабро!»

____________________

Узгадаем фотамастака, канцэптуаліста, аднаго з творцаў новай беларускай культуры Уладзіміра Парфянка. Нечакана для ўсіх ён пайшоў з жыцця 14 студзеня ў Менску. 18 студзеня адбылося развітанне і пахаванне.

Выданне Reform.by адзначае: (цытую) «Правесці ў апошні шлях дзеяча культуры і мастацтва, творцу, які паўплываў на не адно пакаленне фатографаў, мастакоў, крытыкаў, прыйшло больш за 100 чалавек» (канец цытаты).

Мяркую, з улікам творцаў і прыхільнікаў мастацтва, якія з’ехалі за мяжу, а таксама тых, хто асцерагаецца публічнасці ва ўмовах тэрору, колькасць людзей была б у разы большай.

____________________

А беларускі ПЭН-цэнтр прыводзіць свежыя лічбы па людзях розных відаў творчасці, якія цяпер рэпрэсаваныя па палітычных матывах – 153 чалавекі ў зняволенні. Колькі ўсяго разам прайшло праз карную сістэму за апошнія тры з паловай гады, такія падлікі яшчэ наперадзе.

____________________

Падтрымлівайце дзеячаў культуры данатам, водгукам, проста ўсмешкай. Бо, як сказаў Уінстан Чэрчыль, навошта нам перамога, калі не будзе культуры ).

Беларускае Радыё Рацыя