BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арт-агляд

Зміцер Бартосік прэзентаваў сваю кнігу пад назвай «Забіць упалмінзага». Падзея адбылася 5-га сакавіка ў Варшаве ў сценах арганізацыі Witrynа Domu Wschodniego.

Зміцер Бартосік. Фота (с) Яраслаў Іванюк

Калісьці Змітру Бартосіку трапіліся ў рукі дакументы колішняй Маладзечанскай вобласці. А там сярод іншага былі сюжэты супрацьстаяння сялянаў Міністэрству загатовак. А „упалмінзаг“ – гэта адпаведна «уполномоченный министерства заготовок».

Не гледзячы на суворую назву, якая адлюстроўвае настроі не малой часткі жыхароў пасляваеннай Заходняй Беларусі, Зміцер Бартосік стварыў вельмі абаяльны, цёплы і ўтульны вечар.

Гэта фірмовая асаблівасць Змітра Бартосіка – нават пра драматычныя падзеі распавесці так, каб у чытача ці слухача заставалася адчуванне святла ў канцы тунэлю.

Заля была поўная, людзі жвава рэагавалі на расповед далёкіх па часе падзеяў, бо, мяркую, гісторыя стыхійнага супраціву камуністычнай, а дэ-факта крамлёўскай, уладзе часткова паўтараецца і сёння.

Так, ХХІ стагоддзе, так няма «продразвёрстки», працягам якой сталася Міністэрства загатовак, так, нават само пытанне фізічнага выжывання цяпер адсутнічае – ежы ўсім хапае. Але шмат сугучнага мы бачым між падзеямі канца 1940-х і загалоўкамі навінаў сучаснасці.

А менавіта – імкненне палітычнага рэжыму пазбавіць чалавека кантролю над сваім жыццём праз эканамічны ціск.

На будучыню раю тым, хто жыве ці апынецца ў Варшаве, завітаць у карчму «Будзьма». Яна лёгка шукаецца на Google Maps пры напісанні лацінкай.

Трымальнікі карчмы – беларуская сям’я з Гомля Вольга і Васіль Пракоф’евы. Менавіта ў Гомлі Зміцер Бартосік адкрыў для сябе беларушчыну, там стаўся беларускім бардам, а пасля пісьменнікам. Там у Гомлі Зміцер Бартосік з гонарам запрашаў сяброў у карчму «Будзьма», каб паказаць сапраўдную беларускую кухню.

Сведчу – лепшай мачанкі я нідзе не каштаваў.

Сям’я Пракоф’евых сталася адной з першых, у якой лукашэнкаўская дзяржава забрала бізнес за падтрымку Беларускай рэвалюцыі 2020. А разам з тым, пазбавіла Беларусь аднаго з месцаў прыцягнення для многіх людзей, бо рэстарацыйны бізнес Пракоф’евых нёс у прастору і час – беларушчыну.

«Будзьмаў» было дзве. Адна – галоўная – каля чыгуначнага вакзалу стаіць пустая, а другую – загараднаю – выкупілі за капейкі, і стварылі там «Карчму Славянскую».

Хто не ў курсе, у СССР словам «славянскае» замянялі «расейскае». Традыцыя захавалася.

Такая повязь часоў і пераемнасць зла. Упалмінзаг – гэта сучасная лукашэнкаўская сістэма. І яна мусіць пайсці ў архіў – для працы будучых гісторыкаў і пісьменнікаў.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя