BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арт-агляд

Я прапаную паразмаўляць пра паэтычны рэпартаж.

Дзмітры Строцаў чытае свае вершы на фестывалі імя Чэслава Мілаша

А нагодай для тэмы сталася творчасць і актыўнасць тут і цяпер паэта і хрысціяніна Дзмітрыя Строцава.

У цяперашні час Дзмітры крочыць калі не па планеце, то па Польшчы дакладна. А часам і па іншых краінах Цэнтральнай Еўропы. Яго перакладаюць, яго запрашаюць і яго выдаюць.

З апошніх імпрэзаў – удзел Дзмітрыя Строцава ў польскім фестывалі імя Чэслава Мілаша.

Само паняцце «паэтычны рэпартаж» асабіста я пачуў ад Дзмітрыя, і адразу ўзгадаў як у 2020 годзе пасля вызвалення з «сутак» паэт апісаў тое зло, якое адбылося з ім і сукамернікамі, паэтычнай формай.

Часам ацэнку шырокімі чытачамі паэтычныя радкі чакаюць дзесяцігоддзі.

Калі казаць пра Польшчу, то яскравы прыклад – Цыпрыян Норвід, чыю творчасць ацанілі толькі праз сто гадоў пасля ягонай смерці.

У выпадку з паэтычным рэпартажам Дзмітрыя Строцава, мы маем прыклад, калі аўтара ацэньваюць пры жыцці, і больш – пры творчай актыўнасці.

На мой погляд Дзмітры Строцаў – адзін з самых яскравых амбасадараў новых беларусаў у сучасным свеце. Бо хтосьці ўспрымае інфармацыю праз рэкламныя буклеты, а хтосьці праз тонка створаныя мастацкія вобразы.

Апошніх людзей відавочна меней па колькасці, але спадзяюся больш па якасці.

Калі вы пагугліце лацінкай у фэйсбуку «Strotsev Dmitry», вы пабачыце колькі за апошні час ён мае ў Польшчы запрашэнняў на выступы са сваім паэтычным рэпартажам.

У Польшчы ад даўна распаўсюджаны жанр, які ў Беларусі я памятаю толькі па выданню «Наша Ніва» часоў рэдактарства Сяргея Дубаўца – а менавіта: літаратурны рэпартаж.

Калі спрошчана патлумачыць, то вы як аўтар працуеце з рэальнымі фактамі, сведкамі якіх былі, але даяце іх у сваёй уласнай аўтарскай інтэрпрэтацыі.

Дзмітры Строцаў развіў літаратурны рэпартаж праз паэтычную форму.

«Цяпер мая справа – сведчыць». Цытую паэта з аднаго з інтэрвʼю ў 2021 годзе. Калі як і шмат хто з беларусаў з прынцыповай пазіцыяй, Дзмітры не хацеў пакідаць Беларусь.

Боже
посети истязаемых
скорченных
на бетонной постели
положивших под голову
хлеб причастия.

Такі верш-сведчанне пра падзеі, падобныя да подзвігу першахрысціянаў, але не дзве тысячы гадоў таму, а ў 2020 годзе.

Годзе, які для Беларусі працягваецца дагэтуль.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя