Намоленае месца – так можна сказаць пра ўрочышча Барык, што пад мястэчкам Гарадок на Беласточчыне. Менавіта тут 12 – 14 ліпеня адбываецца падзея, якую арганізатары назвалі «Фестываль абуджаных «Тутака».
Фестываль «Тутака» паўстаў на глыбокім культурным слоі рок-фэстывалю «Басовішча», які з’явіўся ў канцы 1980-х разам з вяртаннем дэмакратыі ў Польшчу і напярэдадні незалежнасці Беларусі.
«Басовішча» спачатку яднала беларусаў з абодвух бакоў мяжы, а пасля выконвала вельмі важную ролю свабоднай пляцоўкі для беларусаў, якія пачалі крок за крокам пераследвацца ў Беларусі за свае вольныя погляды на жыццё.
Гледзячы з 2024 году, падаецца, што і лукашысты, і нацыянальна-дэмакратычныя беларусы спадзяваліся на эвалюцыю сваіх светаглядаў.
Але 2020 год прадэманстраваў, што апошнія трыццаць гадоў беларусы рушылі візуальна як бы разам, але па сутнасці ў супрацьлеглыя бакі.
Цяпер на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уладу трымаюць людзі, скіраваныя на кідок у мінулае – да таталітарызму-бальшавізму.
А ўрочышча Барык пад Гарадком на Беласточчыне сталася месцам сустрэчы вымушаных эмігрантаў.
Мы бачым ужо не толькі музычны фестываль. Калі пачытаць трохдзённую праграму, то можна налічыць дзясяткі дробных падзеяў з культурнага і грамадскага жыцця.
А я асабіста бачу за праграмнымі імпрэзамі сотні прыватных камунікацый, якія з часам паўплываюць на фармаванне і замежнага і ўнутры беларускага сацыяльнага жыцця.
Сёння ўрочышча Барык – гэта месца сілы для тых, хто ў замежжы думае пра стварэнне Новай Беларусі. І адначасова пра ўмацаванне грамадскі арганізаванай беларускай эміграцыі. Новая сітуацыя таксама дае вялікі шанец для аўтахтонных беларусаў Польскай Рэспублікі, якія на сваіх этнічных землях атрымалі прыліў новай крэатыўнай беларускай энергіі.
Не так даўно прачытаў у сацыяльнай сетцы выказванне вядомага ў беларускім культурным полі чалавека з Менску, маўляў, што там у вас за мяжой адбываецца – не надта нас пераймае.
Гэта той самы эфект, які да спадобы спадкаемцам Дзяржынскага-Сталіна-Лукашэнкі – разасобіць інфармацыйныя палі беларусаў.
Але я дакладна ведаю, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгулярна, хай сабе падпольна, адбываюцца і музычныя канцэрты і іншыя культурныя імпрэзы, якія сілкуюць гарызантальныя сувязі беларусаў, якія так умацаваліся ў 2020 годзе і даюць надзею і сёння.
Беларускае Радыё Рацыя