BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арт-агляд

Прапаную звярнуць увагу на зусім свежую краўдфандынгавую пляцоўку пад назвай «Gronka».

Калі скарочана, краўдфандынг – гэта калі вы прымаеце перадзаказ на свой праект, а людзі, якія забяспечваюць працу пляцоўкі, атрымліваюць свой працэнт ад сумы заказу.

У Беларусі самай вядомай краўдфандынгавай платформай быў Ulej (Вулей), і пазней яго адгалінаванне «MolaMola».

Гэта праекты, якімі кіраваў Эдуард Бабарыка, сын колішняга банкіра і цяперашняга палітзняволенага Віктара Бабарыкі.

Праз «Вулей» былі рэалізаваныя сотні культурна і сацыяльна значных праектаў.

А праз «МолаМола» дапамагалі ў самаарганізацыі беларусаў падчас ковіду. Тады, калі дзяржава фактычна кінула людзей сам на сам са страшнай пошасцю.

Цяпер у Беларусі любая дзейнасць з намёкам на самаарганізацыю знаходзіцца пад прыцэлам карных органаў.

Але ўзаемадапамога вельмі патрэбная і за мяжой. Будучы вымушаным эмігрантам, сам ведаю як важна падтрымліваць адзін аднаго.

А таксама вельмі важна працягваць займацца культурнай ды сацыяльнай дзейнасцю і за мяжой. Мы беларусы не мусім знікаць у чужых рэаліях.

Паглядзім, на што сёння збіраюць грошы на пляцоўцы «Gronka».

Выданне рамана Аляксандра Дзюма «Граф Монтэ-Крыста» на беларускай мове; выданне кнігі Беларускіх Калыханак; гайд па беларускіх мясцінах Грузіі; падкаст «Праз космас»; зборнік апавяданняў «Гвалт» Аляксандра Чарнухі; XRayTours Belarus.

Апошні праект варты расшыфроўкі, цытую з сайту: «Мы выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі 3D-мадэлявання для рэканструкцыі ў віртуальным асяроддзі страчаных структур. Наша платформа дае інтэрактыўныя туры з дапоўненай рэальнасцю, дзе карыстачы могуць даследаваць гістарычныя месцы і ўбачыць рэканструяваныя помнікі ў іх гістарычным кантэксце».

Што за людзі пачалі новы краўдфандынгавы праект? Зноў цытую з сайту: «Мы – ананімныя энтузіясты і тэхнічная каманда Паўла Лібера, аб’яднаныя любоўю да творчасці і інавацый».

Павел Лібер – той самы стваральнік сайту «Голас», дзякуючы якому ў сеціве адбыліся альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе.

Таму я асабіста мяркую, што поспех у новага праекту «Gronka» цалкам можа быць.