BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

„Арт-агляд“: Гадавіна вайны ва Украіне

24 лютага – два гады як пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны.

А ў «Арт-аглядзе» я прапаную ці не самы важны фільм, які быў зроблены па першых выніках гэтай самай страшнай вайны ХХІ ст.

Назва – «Intercepted», то бок «Перахопленае».

Украінка Аксана Карповіч зняла дакументальны фільм, у якім перахопленыя размовы расейскіх салдатаў са сваімі жонкамі і мацярамі: паклала на відэа шэраг з дарогамі праз разбомбленыя ўкраінскія гарады і вёскі.

Для пачатку цытата, якая мяне ўразіла асабліва моцна:

«Сын-акупант:

«Мам, мне так понравилось пытать! Я тебе могу рассказать, о каких пытках я узнал и в каких участвовал», – говорит российский военный по телефону.

Мать российского оккупанта:

«Сынок, это нормально. Я бы, если бы туда попала, тоже ловила бы кайф, а как иначе?»

У прынцыпе ўсё.

Усё, што вы хацелі ведаць пра расейскую агрэсію. Драма не ў тым, што малалетнія пацанчыкі з Богам забытых, цывілізацыйна занядбаных, тэрыторый выхваляюцца задавальненнем ад катаванняў.

Самае страшнае ў гэтых жаночых галасах. Яны ж маральна падтрымліваюць сваіх «кравінушак».

Чаго няма і наўрад ці будзе ў бліжэйшым часе ва ўкраінскіх дакументальных фільмах – гэта галасоў украінак, якія падтрымліваюць сваіх сыноў ці мужоў, якія ваююць на баку Расеі.

У першы год поўнамаштабнай вайны я адсочваў украінскія ролікі, дзе Збройныя сілы Украіны бралі ў палон сваіх суайчыннікаў з «ЛДНР». І размовы з імі былі не як з ворагамі, а як з «падшымі» сваімі.

Я больш, чым упэўнены, што ЛДНРаўцы не былі гатовыя да той звярынай жорсткасці, якую прынеслі з сабою глыбінныя расейцы.

Адпаведна я веру, што шмат якія дзікія і невытлумачальныя паводле сваёй жорсткасці катаванні ў 2020 годзе ў Беларусі выраблялі расейцы.

Яшчэ вытрымка з фільму «Перахопленае»:

«Российский солдат – жене:

«Вчера идем, нам навстречу женщина с двумя детьми – ну мы их и положили. Да, мне их не жалко. Это их выбор. Могли бы уехать, как остальные», – говорит он родственникам».

Чаму ж у Менску ў 2020 годзе яны мусілі быць стрыманымі?

Жывучы ў Польшчы, я разумею, што тут людзі паўтараюць нашу беларускую і нашых суседзяў украінскую памылку – мераць рэальнасць па сваіх стандартах жыцця.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя